Былому следчаму Вяршыніну прысудзілі два гады калоніі за ўдзел у двух маршах
У Менску 8 кастрычніка прайшоў суд над былым следчым Ягорам Вяршыніным, паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна”. Вяршыніна абвінавацілі па ч.1 арт.342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Асноўным доказам віны Ягора сталі дзве фатаграфіі з маршу, прадастаўленыя чалавекам, супраць якога Вяршынін калісьці вёў справу ў якасці следчага. Ягор не прызнаў сябе вінаватым. Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Карсюк, дзяржабвінавачванне падтрымліваў Арцём Цвяткоў.
********
У якасці сведкі ў кайданках у суд прывялі калегу абвінавачанага па мінулай працы – былога следчага Яўгена Юшкевіча, якога трымаюць у СІЗА КДБ. Яго апытваюць у рамках справы Вяршыніна, так як, згодна з абвінавачаннем, экс-следчыя ўдзельнічалі ў маршах разам.
З паказанняў Яўгена стала вядома, што па артыкуле 342 КК яму прад’явілі абвінавачванне за ўдзел у маршы 16 жніўня мінулага года. Па акцыях 23 і 30 жніўня ён праходзіць як сведка.
Ягор Вяршынін больш за шэсць гадоў працаваў у Следчым камітэце. У 2019 годзе ён звольніўся, заняўся спартовай аналітыкай і планаваў пайсці ў IT-сферу. 11 чэрвеня гэтага года Ягора затрымалі.
Яўген Юшкевіч – былы следчы СК. Пасля службы ён уладкаваўся на працу Android-распрацоўшчыкам. Яму прад’явілі абвінавачванні па артыкулах: 289 КК (акт тэрарызму), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадзкі парадак) і арт. 293 КК (заклікі да гвалтоўных дзеянняў).