У суд падалі скаргу на Менгарвыканкам, які забараніў шэсце 25 сакавіка
Актывісты аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) накіравалі калектыўную скаргу ў суд Маскоўскага раёна Менска на рашэнне Менгарвыканкама аб забароне дэманстрацыі ў Дзень Волі. Пра гэта паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.
У адпаведнасці з заяўкай актывісты прасілі дазволіць правесці 25 сакавіка ў сталіцы дэманстрацыю ад плошчы Якуба Коласа па праспекце Незалежнасці да плошчы Перамогі, а затым па вуліцах Кісялёва і Багдановіча да опернага тэатра. Рашэннем ад 19 сакавiка 2018 года Менгарвыканкам адмовіў у заяўцы, бо палічыў немэтазгодным праводзіць шэсце 25 сакавіка. Пра гэта стала вядома 20 сакавіка пасля наведвання выканкама заяўнікамі акцыі.
На думку актывістаў аргкамітэта па стварэнні БСДП (Народная грамада), рашэнне Менгарвыканкама парушае іх права на мірны сход, а таксама права на распаўсюджванне інфармацыі, гарантаванае Канстытуцыяй і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.
belapan.by