У суд – за фотаздымкі на фоне графіці (абноўлена)
5 лістапада грамадскія актывісты і журналісты, у тым ліку каардынатары аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Таццяна Севярынец і Алена Шабуня, зрабілі здымкі каля былога раённага цэнтра культуры на фоне графіці газетных птушак, якія вырываюцца з клетак. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе аргкамітэта.
„За групавы фотаздымак усіх удзельнікаў выклікалі ў Чыгуначны РАУС да маёра Рыбакова, начальніку аддзела аховы правапарадку, які атрымаў з ідэалагічнага аддзела аблвыканкама раздрукоўкі з інтэрнэту”, – адзначае Таццяна Севярынец:
– 1 частка 23.34 КоАП РБ, я за гэта ўчора зачапілася пры размове з маёрам Рыбаковым, там арганізацыя альбо правядзенне несанкцыянаваных пікетаў, сходаў і г.д. Я яму адразу і кажу, слухаю як ён мне чытае і кажу: “А „участие”, дзе там слова „участие”, ён па расейску чытаў, адкуль вы ведаеце? Я чую, што да мяне гэтая справа не мае ніякага дачынення, як і да астатніх”.
Абласныя чыноўнікі назвалі фотасесію „несанкцыянаванай акцыяй” і даручылі маёру разабрацца з „парушальнікамі правапарадку”.
Алена Шабуня і Таццяна Севярынец ад дачы нейкіх тлумачэнняў адмовіліся.
Сярод тых, хто трапіў пад пераслед за сфатаграфаванне на фоне малюнку, віцебская журналістка Алена Сцяпанава:
– Віцебская міліцыя разумее тое, што мы сфатаграфаваліся на фоне аднаго з віцебскіх будынкаў, – што гэта была масавая акцыя. Магчыма, на такія думкі іх падштурхоўвае тое, што гэта быў будынак з графіці. На гэтым графіці намалёваны клеткі і птушкі, птушкі вылятаюць з клетак, птушкі зробленыя з газет. Верагодна ў гэтым яны бачаць нейкую алюзію да свабодалюбства і г.д.
Фігурантам прад’явілі абвінавачванні, правялі гутарку-апытанне і ўсіх накіравалі ў суды, якія будуць праходзіць 28 лістапада і 1 снежня. На 28 лістапада прызначаны суд па справе журналіста Змітра Казакевіча, а 1 снежня будуць судзіць іншага сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Кастуся Мардвінцава.
Начальнік аддзелу аховы прафілактыкі і правапарадку міліцыі Чыгуначнага раёну Віцебска Аляксандр Рыбакоў лічыць, што супольныя фотаздымкі, якія былі выкладзены ў Фэйсбуку, з’яўляюцца доказам правядзення масавага мерапрыемства.
Беларускае Радыё Рацыя