У судзе Берасця – працяг „карагоднай справы”



Ужо сёння, 3 лютага, адбудзецца працяг разгляду так званай „карагоднай справы” ў Берасці. Яна падзеленая на часткі і можа доўжыцца некалькі месяцаў.

Колькасць падазраваных і абвінавачаных блізіцца да паўсотні, – распавяла валанцёрка рэгіянальнага аддзялення праваабарончага цэнтру „Вясна” спадарыня Ганна:

– Зачытваюць матэрыялы справы, іх дастаткова шмат, справа вялікая. Ёсць вельмі шмат пытанняў да таго, як праведзена следства, як прад’яўленыя абвінавачанні, што ставяць у віну людзям. Чаму атрымліваецца, што заяўленая страта ўжо амаль кампенсаваная аўтобуснаму і тралейбуснаму паркам.

Як адзначыла валанцёрка, яшчэ да суда некаторыя з абвінавачаных у добраахвотным парадку ўжо кампенсавалі страты. Адметна тое, што агульная шкода тралейбуснаму парку і аўтобуснаму парку склала крыху больш за 600 рублёў, калі падзяліць на пяцьдзясят чалавек, то атрымаецца на кожнага прыкладна па 10-12 рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота: t.me/viasna_brest