У судзе Бярозаўскага раёна разглядаюць справу Уладзіміра Зубрыцкага



У судзе Бярозаўскага раёна пачаўся судовы працэс над затрыманым пятага лютага грамадскім актывістам з Белаазёрску Уладзімірам Зубрыцкім.

Актывіста сёмы раз прыцягваюць да адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. На гэты раз нібыта за сэлфі ў падтрымку бел-чырвона-белага сцяга, які ўлада вырашыла прызнаць экстрэмісцкім. Трэцяга лютага здымак з’явіўся ў інтэрнэце. Удзельнікі непазнавальныя,  кажа сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сяржук Русецкі:

– Невядома, на якой падставе супрацоўнікі Бярозаўскага РАУСу вырашылі, што Уладзімір Зубрыцкі прымаў удзел у гэтым так званым пікетаванні, таму што паглядзеўшы фотаздымкі не зразумела, дзе яны выгледзелі постаць Уладзіміра Зубрыцкага. Адбываецца яўна пераслед людзей, якія раней прыцягваліся па артыкуле 23.34 да адміністрацыйнай адказнасці за іхныя погляды.

Праваабаронца звярнуў увагу на тое, што суддзя Дзмітрый Кавалевіч як ні стараўся, так і не здолеў прачытаць адміністрацыйны пратакол, складзены ўчастковым Быком. Прыйшлося рабіць перапынак, каб выклікаць аўтара дакумента для агучвання.  Суд над Уладзімірам Зубрыцкім працягнецца 17 лютага у 9 гадзін 30 хвілін.

На фота: суддзя Дзмітрый Кавалевіч

Беларускае Радыё Рацыя