У судзе над кнігарняй „логвінаЎ” абвешчаны перапынак
Сёння а 15-й гадзіне ў Эканамічным судзе Менска пачаўся судовы працэс па справе кнігарні „логвінаЎ”.
Пасяджэнне, падчас якога падатковая служба выставіла прэтэнзіі ўласніку кнігарні Ігару Логвінаву, доўжылася каля 50 хвілін. Яно праходзіла ў кабінеце суддзі Сяргея Кулакоўскага, таму змясціцца там маглі толькі 2—3 чалавекі з прысутных. Падтрымаць уласніка кнігарні прыйшлі каля трыццаці чалавек, сярод іх выдатны пісьменнік Уладзімір Арлоў, перакладчык Лявон Баршчэўскі, прадстаўнік грамадскай кампаніі „Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў.
У судзе абвешчаны перапынак да пятніцы, 9 студзеня, паведамляе „Наша Ніва”.
У судзе разглядацца адміністратыўная справа па незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці кнігарні „логвінаЎ”. Па словах Ігара Логвінава, яму пагражае штраф у 500 базавых велічынь (90 мільёнаў рублёў) з канфіскацыяй даходу, атрыманага ў выніку такой дзейнасці, альбо без канфіскацыі, альбо з пазбаўленнем права займацца вызначанай дзейнасцю.
Уласьнік кнігарні Ігар Логвінаў усё ж не губляе надзеі на справядлівае рашэнне суда:
– Я спадзяюся, што ўсё добра скончыцца, там жа як будзе, будзе бачна. Я думаю, што ўсё прабачаць.
У пачатку снежня ў кнігарню „логвінаЎ” прыйшлі супрацоўнікі падатковай інспекцыі з пазапланавай праверкай. Памяшканне апячаталі, дакументацыю забралі на вывучэнне. Пасля праверкі кнігарню распячаталі. Але сурова пакаралі – за працу без ліцэнзіі Міністэрства інфармацыі і аштрафавалі амаль на 1 мільярд рублёў. Менавіта на такую суму кнігарняй было прададзена кніг за год. Цяпер спаганяць выстаўлены штраф будуць праз суд.
Нагадаем, у верасні 2013 года Міністэрства інфармацыі пазбавіла ліцэнзіі выдавецтва „логвінаЎ” за выпуск альбома „Прэс-фота Беларусі 2011”. Альбом прызналі нібыта экстрэмісцкім.
Уласнік кнігарні Ігар Логвінаў за год восем разоў звяртаўся ў Мінінфарм па ліцэнзію. І кожны раз яму адмаўлялі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота westki.info