У судзе над Юрыем Беленькім абвешчаны перапынак



У разглядзе адміністрацыйнага пратакола ў дачыненні да намесніка старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Юрыя Беленькага абвешчаны перапынак да 9 снежня.

Такое рашэнне 3 снежня абвясціў суддзя суда Менскага раёна Віктар Шаўцоў.

Беленькага абвінавачваюць ва ўчыненні правапарушэння, прадугледжанага часткай 2 артыкула 23.34 КоАП. Паводле версіі праваахоўнікаў, палітык, з’яўляючыся арганізатарам шэсця, прысвечанага дню памяці продкаў Дзяды і праведзенага 3 лістапада, не заключыў дамову аб аплаце паслуг міліцыі па ахове правапарадку. 28 кастрычніка ён атрымаў дазвол Менаблвыканкама на правядзенне мітынгу і шэсця ва ўрочышчы Курапаты, але звяртацца ў міліцыю для заключэння дагавора не стаў.

Як сцвярджае Беленькі, ён першапачаткова заяўляў, што не збіраецца аплачваць паслугі міліцыі, бо, на яго думку, існы парадак правядзення масавых мерапрыемстваў супярэчыць заканадаўству. Палітык накіроўваў у Мінаблвыканкам замоўленым лістом адмову ад аплаты паслуг, але адпаведныя дакументы паказаць не змог. Для іх прад’яўлення ў слуханні абвешчаны перапынак да 9 снежня.

Акрамя таго, ён акцэнтаваў увагу на тым факце, што заяўка падавалася ад юрыдычнай асобы — зарэгістраванай Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ. Пры гэтым адказчыкам у пратаколе пазначаны Юрый Беленькі як фізасоба.

У Мінску 3 лістапада з удзелам прыкладна 250 чалавек прайшло традыцыйнае шэсце ў Курапаты, арганізаванае КХП-БНФ з нагоды дня памінання продкаў Дзяды.

belapan.by