У Светлагорскім раёне дзяржаўны беларускі сцяг памянялі на ўкраінскі



Жыхар пасёлка ў Светлагорскім раёне зняў чырвона-зялёны сцяг з мачты ў цэнтры пасёлка Сасновы бор уначы з 13 на 14 кастрычніка і выкінуў яго ў сметніцу. Замест яго павесілі сцяг Украіны.

Фота: Ken Mürk/ERR

Пра выпадак паведаміў следчы ў асабліва важных справах мясцовага аддзялення Следчага камітэту Васіль Марушэнка. Сілавікі затрымалі падазраванага; паведамляецца, што ён „раней у поле зроку праваахоўных органаў не трапляў”. У яго дома правялі ператрус і завялі крымінальную справу за „здзек з дзяржаўных сімвалаў”.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, сілавікі правялі ў пасёлку аблаву, затрымалі Валерыя Самсоненку, які раней працаваў у мясцовым аддзеле па надзвычайных сітуацыях.

У яго з братам кватэры сілавікі знайшлі нацыянальны беларускі сцяг з „Пагоняй”. У сувязі з гэтым таксама затрымалі і Ігара Самсоненку, якога арыштавалі на 7 дзён.