У свеце з’явіўся панятак „беларускія ігральныя карты”



Дзякуючы гарадзенскiм картам Лапіных Беларусь унеслi ў міжнародны рэестр краін, якія маюць сваю вытворчасць ігральных карт. Пра гэта Hrodna.life распавёў Антон Янкоўскi, якi займайся аднаўленнем даваенных карт Лапіных.

Раней для калекцыянераў не існавала паняцця “беларускія ігральныя карты”, а сама Беларусь не была прадстаўлена асобна – яна разглядалася як адна з саюзных краін у складзе Расеі. Але пасля з’яўлення карт Лапіных усё змянілася. Сёння гарадзенская калода прадстаўляе Беларусь у міжнароднай супольнасці калекцыянераў ігральных карт.

“Пасля выхаду нашых карт імі зацікавіліся многія калекцыянеры, у тым ліку і з Расеі, куды мы адправілі каля 200 калод, – распавядае прадпрымальнiк Антон Янкоўскі. – Нашым суседзям карты спадабаліся, яны ацанілі якасць, і паспрыялі ў тым, каб наша прадукцыя выйшла на міжнародны ўзровень. Вялікі дзякуй хочам сказаць Валянціну Задунайскаму за дапамогу ў размяшчэнні нас у каталогу. Нам вельмі прыемна, што людзі патрымалі нас і паспрыялі ўнясенню ў міжнародны рэестр”.

На сённяшні дзень Антон Янкоўскі прадаў каля 1500 калод адноўленных карт Лапіных. Магчыма, пасля Новага года прадпрымальнік возьмецца за перавыданне карт. А ўжо ў наступным годзе ў Антона ёсць думкі аднавіць яшчэ адну калоду старых карт Лапіных.