У Свіслачы прайшоў традыцыйны Фэст памяці паўстанцаў (абноўлена)



У Свіслачы прайшоў традыцыйны Фэст памяці паўстанцаў 1863 года. Некалькі дзясяткаў беларускіх грамадзянаў аддалі пашану палеглым паўстанцам, героям вызвольнага руху.

Прыгадалі добрым словам Кастуся Каліноўскага ды ягонага брата – Віктара, магіла якога знаходзіцца на свіслацкіх могілках. Падзеі сучаснасці ў Беларусі, калі няма дэмакратыі  – гэта здрада перад Каліноўскім і ягонымі нашчадкамі. Кажа дэпутат Вярхоўнай Рады Беларусі 12-га склікання Мікалай Аксаміт:

– Я хачу сказаць за тых людзей, якія ў 80-я, нават 70-я гады ахвяравалі сваё жыццё для Беларусі. Іх было шмат. Яны паклалі свой лёс, лёс сваіх дзяцей, сваіх сем’яў, каб нашая Беларусь была вольная. І менавіта на такіх людзях трымаецца наша краіна. Трэба разумець, што сёння, каб змяніць становішча, трэба зразумець становішча Лукашэнкі. Лукашэнка сёння стаіць на міне.

Фэст праходзіць у год выбараў дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі. Кандыдат у дэпутаты па 53-ай Сельскай выбарчай акрузе Максім Губарэвіч менавіта ў гэты дзень правёў шэраг сустрэчаў ля знакавых месцаў памяці паўстанцаў у Свіслачы і Якушоўцы. Кажа Максім Губарэвіч:

– На дадзены момант казаць пра нейкія перашкоды не прыходзіцца. Папярэджвалася, што два месцы з чатырох, якія я заявіў у якасці месцаў сустрэчы з выбаршчыкамі, яны знаходзяцца занадта блізка да адміністрацыйных будынкаў, таму менавіта ля іх сустрэчы забаронены па выбарчым заканадаўстве. Таму мы вырашылі, каб не парушаць заканадаўства, адмераць роўна 20 метраў ад адміністрацыйных будынкаў, і зрабіўшы такую віртуальную мяжу, яе не перакрочваць. І праводзіць мерапрыемства, каб усё адпавядала цалкам беларускаму заканадаўству.

З боку сілавых службаў фізічных перашкодаў не чынілася, хаця ўсе перасоўванні ўдзельнікаў сустрэчы з кандыдатам запісваліся на дзве відэакамеры.

* * * 

Фэст памяці паўстанцаў 1863 года ладзяць ужо чвэрць стагоддзя. Сёлета ў ёй прынялі ўдзел паўсотні чалавек – актывістаў з розных куткоў Заходняй Беларусі ды Менску. Фэст быў сумешчаны з сустрэчай кандыдатам у дэпутаты. Пра гэта паведамляе карэспандэнт РР Якуб Сушчынскі:

– Падчас мерапрыемства былі выкананыя ўсе задачы, якія ставіў перад сабой кандыдат у дэпутаты па 53 сельскай выбарчай акрузе Максім Губарэвіч. Сумесна з ім на мерапрыемстве былі прадстаўнікі розных дэмакратычных і палітычных партыяў. За гэтым мерапрыемствам пільна назірала некалькі камераў спецслужбаў, але перашкодаў яны не чынілі. Зараз усе ўдзельнікі свіслацкага фэсту, якія завяршылі памятным фотаздымкам на якушоўскім крыжы, вяртаюцца дадому. Як вядома, у Свіслачы адзін з лідараў паўстання 1863 года Кастусь Каліноўскі вучыўся ў гімназіі, там жа пахаваны ягоны брат Віктар. А ў Якушоўцы некаторы час жыла сям’я Каліноўскіх.

***

Традыцыйны Фэст памяці паўстанцаў 1863 года праходзіць сёння ад Свіслачы ды Якушоўкі, што на Гарадзеншчыне. За падзеямі сочыць карэспандэнт РР Якуб Сушчынскі:

– Завяршылася частка фэсту ў мястэчку Свіслач, дзе ўдзельнікі пасля адведвання могілак з парэшткамі Віктара Каліноўскага, а таксама ўзгадаўшы Віктара Дзесяціка, які ляжыць побач, накіраваліся ў цэнтр горада, дзе ўсклалі кветкі і сказалі добрыя словы пра Кастуся Каліноўскага. Таксама каля бюста Рамуальда Траўгута было згадана пра чынны подзвіг гэтага чалавека для гісторыі Беларусі. Трэба заўважыць, што актыўных дзеянняў з боку міліцыянтаў не было, але фіксацыя на відэакамеру вядзецца, увесь час з дзвюх відэакамер вядуць запіс пяць прадстаўнікоў органаў унутраных спраў, сярод іх адна жанчына. І цяпер група каля 60 чалавек з розных гарадоў Гарадзеншчыны накіроўваецца ў вёску Якушоўка, дзе ля памятнага крыжа таксама пройдзе выступ кандыдата ў дэпутаты Максіма Губарэвіча, які праходзіць па 53 сельскай выбарчай акрузе. Хачу таксама заўважыць, што ў гэтым годзе ў мерапрыемстве ўдзельнічае прадстаўнік «Беларускага Хельсінкскага Камітэта» Раман Юргель, які таксама мае задачу маніторыць выкананне правоў чалавека пры правядзенні масавых мерапрыемстваў. 

***

У Свіслачы, раённым цэнтры Гарадзенскай вобласці, праходзіць штогадовы Фэст памяці паўстанцаў 1863 года.

Акцыя ладзіцца ўжо чвэрць стагоддзя. З месца падзеяў перадае карэспандэнт РР Якуб Сушчынскі:

– У гэтыя хвіліны яшчэ не пачалася ўрачыстасць, звязаная з Фэстам памяці паўстанцаў 1863 года ў мястэчку Свіслач. Сюды з’язджаюцца прадстаўнікі розных рэгіёнаў Заходняй Беларусі, і перадусім гэта Гарадзеншчына. Ужо прыехала дэлегацыя з Гародні, ёсць госці з Менску, таксама прыехала група кандыдатаў у дэпутаты, а таксама групы падтрымкі з Ліды і Бярозаўкі. Сёлетняе мерапрыемства па ўшанаванні памяці паўстанцаў 1863 года будзе паралельна праходзіць з сустрэчай выбарцаў з кандыдатам у дэпутаты па 53 сельскай акрузе. Ім з’яўляецца Максім Губарэвіч, сябра партыі БНФ. У гэтую хвіліну людзі стаяць ля касцёла Францішка Азізскага. Праз некалькі хвілінаў працэсія рушыць да могілкаў, дзе будуць ушанаваныя Віктар Каліноўскі і таксама Віктар Дзесяцік – адзін з актывістаў Свіслачы, які памёр пяць гадоў таму.

Беларускае Радыё Рацыя