У Свіслачы ўшануюць памяць паўстанцаў Каліноўскага
27-га кастрычніка ў Свіслачы, раённым цэнтры Гарадзенскай вобласці, пройдзе традыцыйны штогадовы Фэст паўстанцаў 1863 года: ушанаванне магілы брата Кастуся Каліноўскага – Віктара, які быў ідэолагам паўстання, ускладанне кветак да бюстаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту, а таксама наведванне памятнага каменя і крыжа на месцы дома Каліноўскіх, якія жылі ў Якушоўцы.
Такая праграма прадугледжана для людзей, якія маюць прыехаць у гэты дзень у Свіслач калектывам альбо асобна. Кажа адзін з удзельнікаў Фэсту паўстанцаў 1863 года ў Свіслачы, публіцыст Уладзімір Хільмановіч:
– Сёлета адбудзецца ўрачыстае перапахаванне парэшткаў паўстанцаў у Вільні. Яно пройдзе на дзяржаўным роўні ў лістападзе. І з гэтага гледзішча вельмі важна працягваць нашую свіслацкую традыцыю, якой ўжо чвэрць стагоддзя. Цяжка палічыць дакладную колькасць адзначэнняў, дзесьці ад 24 да 27. Мы можам казаць ужо пра ўстойлівую традыцыю, бо гэта чвэрць стагоддзя, як людзі тут збіраюцца.
Дзень памяці паўстанцаў традыцыйна праходзіць наконадні свята беларусаў „Дзяды”. Апоўдні 27-га кастрычніка на Свіслацкіх могілках плануецца ўскласці кветкі да магілаў Віктара Каліноўскага, а таксама Віктара Дзясяціка, свіслацкага актывіста, які заўчасна памёр пяць гадоў таму.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня