У Свята-Елізавецінскім манастыры першая смерць ад каронавіруса
У бальніцы памерла манахіня Марыя (Кавальчук). Пра гэта “Нашай Ніве” паведаміў прэс-сакратар Беларускай праваслаўнай царквы Сяргей Лепін.
“Яна была ўжо ва ўзросце. Дакладны дыягназ пытайцеся ў яе сям’і — у манастыры”, — сказаў Лепін. Сястра Марыя жыла на манастырскім падворку. Адказвала за гатоўку. На сайце манастыра пісалі пра яе смачныя піражкі з капустай, бульбай, абрыкосавым джэмам. У манастыры пацвердзілі, што сястра Марыя сапраўды мела станоўчы вынік тэсту на каронавірус. Якая прычына смерці будзе пазначана ў дакументах, пакуль не ведаюць.
Свята-Елізавецінскі манастыр на ўскрайку Менска стаў адным з ачагоў распаўсюду каронавіруса. На велікодную службу туды прыйшла вялікая колькасць людзей. Службы ў манастыры для прыхаджан не адмяняліся да 30 красавіка. Такой пазіцыі прытрымліваўся святар Андрэй Лемяшонак. У выніку многія сёстры, а таксама святары заразіліся.
Фота з facebook.com.