У Тэлеграм з’явіўся стыкерпак з птушкамі
Налепкі з 16-цю відамі птушак Беларусі для Тэлеграма выпусціла грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. Іх выхад прымеркаваны да Сусветнага дня пералётных птушак.
Зязюля, белы бусел, чорны свіргуль, вясковая ластаўка, зімародак і іншыя птушкі дазволяць хутка і ярка перадаць суразмоўцу розныя эмоцыі і мэсэджы. Над стыкерпакам працавалі ілюстратарка Nollaig Lou і крэатар Уладзімір Варава.
Частку птушак, прадстаўленых сярод налепак, мы можам бачыць цэлы год, а большасць сустракаем з доўгага падарожжа ўвесну.
Сямён Левы, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях:
– Зязюля, напрыклад, зімуе ў Анголе і Замбіі, белы бусел на зімоўку далятае да Паўднёвай Афрыкі, чорны свіргуль зімуе ў Конга і Габоне, а вясковыя ластаўкі бавяць зіму ў многіх краінах Афрыкі на поўдні ад экватару.
На зімоўцы і падчас пералёту птушак чакае шмат небяспек: іх забіваюць людзі, ловяць драпежнікі, яны не могуць знайсці спакойнае месца, каб адпачыць і падсілкавацца. Яшчэ адна важная праблема, на якую звяртаюць увагу прыродаахоўнікі, – пластыкавае смецце, якое літаральна забівае многіх птушак.
Наталля Саракавік, спецыялістка АПБ па акцыях і кампаніях:
– Ёсць многа нагодаў любіць вясну і цяпло. Самы круты для мяне – гэта адкрыццё “птушынага” сезона! Сустракаючы на сваім шляху мноства цяжкасцяў, птушкі пераадольваюць вялізныя адлегласці і прылятаюць да нас. Гэта заўжды вельмі хвалююча і адначасова вельмі кранальна. Каб звярнуць увагу людзей на гэтую тэму, мы зрабілі адмысловы птушыны стыкерпак. Цяпер птушачкі прылятаюць і ў ваш тэлеграм! Вялікі дзякуй ініцыятыве творчых людзей, якія дапамаглі нам ажыццявіць гэты праект.
Пампуйце стыкерпак Ptushki і далучайцеся да тэлеграм-чата “Ціў-ціў”, дзе ў нязмушанай абстаноўцы можна пагутарыць з іншымі аматарамі птушак.
Спампаваць дызайны налепак і постар да Дня пералётных птушак.