У Трасцянцы ўшанавалі Вінцэнта Гадлеўскага
24 снежня, у сумныя 75-я ўгодкі з дня расстрэлу нацыстамі аднаго з лідараў беларускага нацыянальнага руху першай паловы ХХ ст. ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, на месцы ягонай гібелі ва ўрочышчы Благоўшчына каля вёскі Трасцянец пад Менскам Рух Салідарнасці “Разам” зладзіў акцыю ўшанавання памяці выбітнага дзеяча, да якой далучыліся прадстаўнікі партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, сяброўка прэзідыума Украінскай Сусветнай Каардынацыйнай Рады Валянціна Логвін і грамадскія актывісты.
Жалобнае мерапрыемства пачалося з памінальнай службы, праведзенай айцом Леанідам Акаловічам.
Вядоўца акцыі сустаршыня Руха Алена Талстая адзначыла, што жыццё і дзейнасць Вінцэнта Гадлеўскага ёсць для беларусаў прыкладам ахвярнага служэння Бацькаўшчыне і Богу.
Вячаслаў Сіўчык, стваральнік і першы старшыня Руху Салідарнасці “Разам”, распавёў пра гісторыю ўсталявання Крыжа на месцы расстрэлу айца Вінцэнта і пра тых, хто дапамагаў аднаўленню гістарычнай справядлівасці і вяртанню імя Вінцэнта Гадлеўскага беларускаму народу – пра дэпутата апазіцыі БНФ Вярхоўнага Савета ХІІ склікання Яўгена Цумарва і грамадскага актывіста Алеся Мазура.
Сустаршыня партыі БХД Павел Севярынец у сваім выступе нагадаў прысутным пра жыццёвы шлях святара-патрыёта, які быў адным з заснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў 1917 годзе, сказаўшы, што, нягледзячы на ўсе перашкоды, ксёндз Гадлеўскі заўсёды быў першым, хто маліўся і змагаўся за Беларусь.
Аўтар Крыжа, сябра творчай суполкі “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў Алесь Цыркуноў падзякаваў прысутных за захаванне і ўшанаванне памяці вялікага сына Беларусі і выказаў спадзяванне, што да Крыжа будуць заўжды прыходзіць беларусы.
Свае вершы, прысвечаныя Вінцэнту Гадлеўскаму, прачыталі публіцыст і краязнаўца з Салігорска Мікола Шаравар, а таксама бард і паэт Зміцер Захарэвіч.
Акцыя скончылася выкананнем гімна “Магутны Божа”, ускладаннем кветак і запальваннем знічоў.
Зміцер Захарэвіч для Беларускага Радыё Рацыя