У цэнтры Берасця сабралася каля 130 праціўнікаў акумулятарнага завода



11 лістапада на плошчы Леніна ў Берасці зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага.

Людзі стаялі групамі, размаўлялі, абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства. У 12.45 на плошчы было прыблізна 130 чалавек, у іх ліку актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) са старшынёй яе абласной структуры Ігарам Маслоўскім.

Паводле слоў палітыка, ён не першы раз прыходзіць у нядзелю на плошчу, а яго арганізацыя раней прыняла заяву супраць будаўніцтва завода. Як адзначыў Маслоўскі, ён як палітык і грамадзянін перакананы, што завод, які будуецца побач з Брэстам, будзе пагражаць экалогіі і здароўю людзей.

Сёння прысутныя абмяркоўвалі накіраваны 5 лістапада на імя старшыні Брэсцкага аблвыканкама Анатоля Ліса зварот з просьбай арганізаваць сустрэчу жыхароў рэгіёна са спецыялістамі санітарных і прыродаахоўных службаў, адказнымі асобам дзяржаўных службаў і прадстаўнікамі завода, каб яны адказалі на пытанні, якія цікавяць грамадзян, аб будаўніцтве і будучай вытворчай дзейнасці прадпрыемства. Пад зваротам падпісаліся больш за 100 жыхароў Брэста і Брэсцкага раёна.

Як адзначыла брастаўчанка, мясцовыя жыхары не ўпершыню звяртаюцца з такой просьбай, але не могуць дамагчыся правядзення сустрэчы. „Актывісты знайшлі новыя факты парушэнняў пры рэалізацыі гэтага праекта, аднак чыноўнікі не хочуць сустракацца з людзьмі, таму што ім проста няма чаго сказаць”, — заявіла яна.

Прыкладна ў 13.00 на плошчы быў затрыманы чалавек, які знаходзіўся ўнутры роставай лялькі ліса. Ліс гуляў з дзецьмі, раздаваў ім паветраныя шары. Удзельнікі сустрэчы чулі, як супрацоўнікі міліцыі ў цывільным цікавіліся ў прахожых, што гэта за лялька на плошчы. Калі „ліс” садзіўся ў машыну, каб паехаць з плошчы, яго затрымалі супрацоўнікі АМАП.

Удзельнікі сустрэчы заявілі, што маюць намер працягваць пратэставаць супраць будаўніцтва небяспечнага прадпрыемства.

Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр” вядзецца на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Людзі лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі гэтага праекта і дамагаюцца прыпынення будаўніцтва.

Грамадская кампанія супраць акумулятарнага завода пачалася ў рэгіёне ў студзені. Згодна са звесткамі праваабаронцы Рамана Кісляка, за гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне 24 мітынгаў, 12 пікетаў і адной дэманстрацыі. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг „Брастаўчанкі супраць свінцу” на ўскраіне горада, у парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў, на які сабралася прыкладна дзве тысячы чалавек.

31 кастрычніка прэм’ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што асцярогі наконт будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце крыху перабольшаныя. „Праект прайшоў усе неабходныя экалагічныя экспертызы, і ў замоўцаў гэтага прадпрыемства ёсць усе неабходныя дазволы на вытворчасць работ”, — сказаў ён.

Несумненна, лічыць Румас, такія буйныя праекты павінны ўзгадняцца з жыхарамі. „Але важна разумець, што гэта ж і рашэнне праблемы занятасці для рэгіёнаў. На гэтых прадпрыемствах нашы грамадзяне змогуць атрымаць працоўныя месцы. Улічваючы, што гэта высокатэхналагічныя праекты, яны змогуць атрымліваць добрую заработную плату”, — заявіў ён.

belapan.by