У Гародні велізарныя тараканы не даюць спакою жыхарам кватэр
Жыхары двухпавярховага старога будынку на вул. Карла Маркса, 36 кажуць, што праблемы з вялікімі чорнымі тараканамі маюць ужо цягам некалькіх год. Як прызнаецца Кацярына, шкоднікі актывізаваліся, калі суседзі пачалі рабіць рамонт. Сам будынак, дарэчы, мае ўжо добрую сотню гадоў.
«Вылазяць найчасцей уначы, – распавядае жанчына, – чорныя, конскіх памераў, да 10 см, гэта ж страшна! У нас дом стары, пад тынкоўкай – дранка, можа там яны жывуць? Непакоіць яшчэ тое, што тут дзеці малыя. Ці мала што?».
Пабачыць таракана ўдзень у пад’ездзе ці кватэры амаль нерэальна. У падвале ж праз кожны метр на падлозе ляжаць трупы вялікіх чорных жукоў. Дарэчы, звычайных рудых тараканаў, як патлумачыла Кацярына, у іх няма.
Як тлумачыць лекар-эпідэміёлаг Андрэй, які зараз як прыватны бізнесовец займаецца прафілактычнай дэзынсекцыяй, чорныя тараканы былі заўсёды, – яны ніадкуль не прыйшлі. Рэальнай крыўды чалавеку яны прынесці не могуць, хіба напужаць сваім памерам: да 5 см, звычайна, не больш. Ёсць некалькі эпіцэнтраў распаўсюду «чорных» у Гародні: у старым горадзе, за Нёманам ды яшчэ ў пары месцах.
Эпіцэнтры ў дамах, як мяркуе Андрэй, найчасцей знаходзяцца ў кватэрах саміх жыхароў, дзе ёсць цяпло, ежа і вільгаць. У падвалах ЖЭС праводзяць дэзынсекцыі, але стан кватэраў – гэта прыватная справа жыхароў.
Паводле Белсат