У цэнтры Гародні з’явіліся бабры. На іх пачалі паляванне
У цэнтры Гародні завяліся бабры. Пра іх парталу Hrodna.life распавёў Анатоль, які любіць шпацыраваць уздоўж Гараднічанкі.
Яго здзівіла не з’яўленне грызуноў у цэнтры горада, а тое, што на жывёлаў пачалося сапраўднае паляванне. У некаторых мясцінах каля рэчкі можна ўбачыць петлі.
Па назіраннях Анатоля, дзікія грызуны з’явіліся ўздоўж вуліцы Рабочай на Гараднічанцы больш за год таму.
У Гарадзенскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя распавялі, што апошнім часам паступала шмат скаргаў на баброў у межах горада. Паляваць на іх самастойна ў межах горада забаронена. Супрацоўнікі інспекцыі паабяцалі бліжэйшым часам выехаць на вуліцу Рабочую, каб разабрацца ў сітуацыі і зняць браканьерскія петлі.
Беларускае Радыё Рацыя
