У цэнтры Масквы падтрымалі Алега Сянцова



4 жніўня на Чыстапрудным бульвары ў цэнтры Масквы прайшоў флэшмоб у падтрымку засуджанага ў Расеі ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, паведаміла „Новая газета”.

Усе ахвотныя маглі падтрымаць палітвязня, прынёсшы кветкі да помніка пісьменніка Аляксандра Грыбаедава. Арганізаваў флэшмоб расейскі кінакрытык Аляксей Мядзведзеў. Сам ён правёў адзіночны пікет.

У флэшмобе ўдзельнічала каля 100 чалавек, у прыватнасці, кінакрытык Антон Долін, літаратурны крытык Анна Нарынская, рэжысёр Аскольд Кураў. Некаторыя людзі ставілі кветкі ў бутэлькі з напісамі: „Алег, жыві!”. Такі ж напіс быў на плакаце, які трымаў у час пікету Мядзведзеў.

У час акцыі нікога не затрымлівалі.

Паралельна ў іншай частцы таго ж бульвара, ля помніка Абаю Кунанбаеву, акторкі «Театра.DOC» Марыя Чупрынская і Алена Носава здзейснілі яшчэ два адзіночныя пікеты.

Раней Аляксей Мядзведзеў хацеў арганізаваць мітынг у падтрымку Сянцова, але яму не далі на гэта дазволу.

Беларускае Радыё Рацыя