У цэнтры Масквы паставілі помнік Івану Жахліваму



У цэнтры Масквы, у раёне станцыі метро „Кітай-горад”, усталявалі манумент Івану Жахліваму.

Скульптура ва ўвесь рост стаіць перад Алеяй правіцеляў у скверы ў Петравярыгскім завулку, дзе ўжо ўсталяваныя бюсты 33 кіраўнікоў Расейскай дзяржавы ў выкананні Зураба Цэрэтэлі. У іх ліку ўжо быў і бюст Івана Грознага, піша rbc.ru.

Новы помнік стварыў скульптар Васіль Селіванаў. Першапачаткова яго павінны былі паставіць у горадзе Аляксандраве (Уладзімірская вобласць), якія вырас на месцы Аляксандраўскай слабады, куды цар ў 1564 годзе пайшоў з Масквы на час апрычніны. Аднак развязалася бурлівая грамадская дыскусія, адкрыццё некалькі разоў пераносілі, а адзін раз помнік нават прыбралі праз нейкі час пасля ўсталявання. У рэшце рэшт мясцовыя ўлады адмовіліся ад скульптуры.

Да сённяшняга дня адзіны ў Расеі помнік Івану Жахліваму стаяў у Арле, дзе вакол яго ўсталявання таксама разгарэлася дыскусія. Праціўнікі выступалі супраць „кананізацыі” цара, паказваючы, што ў гады яго кіравання былі забітыя дзясяткі тысяч людзей, спалены і разрабаваныя дзесяткі гарадоў, у тым ліку Вялікі Ноўгарад, а Руская дзяржава прайграла дарагую Лівонскую вайну.