У цэнтры Менска інвалід выкраў у мужчыны тэлефон, збіўшы яго кіем
У цэнтры Менска інвалід выкраў у мужчыны тэлефон, збіўшы яго кіем, паведаміла 15 жніўня прэс-служба ГУУС Менгарвыканкама.
У Маскоўскае РУУС звярнуўся жыхар гарадскога пасёлка Мір (Карэліцкі раён, Гарадзенская вобласць) з заявай аб тым, што невядомы мужчына адкрыта з прымяненнем гвалту выкраў у яго мабільны тэлефон.
Пацярпелы расказаў, што накіроўваўся на вакзал, каб паехаць дадому. Калі ён выйшаў з аўтобуса на вуліцы Бабруйскай, мужчына выйшаў услед за ім і стаў наносіць яму ўдары па галаве кіем, затым выхапіў з нагруднай кішэні кашулі мабільны тэлефон і ўцёк.
Выкрадзены тэлефон зламыснік здаў у ламбард, а пасля быў затрыманы супрацоўнікамі крымінальнага вышуку Маскоўскага РУУС.
47-гадовы зламыснік з’яўляецца інвалідам другой групы і раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за крадзяжы і рабаванне. Пачата справа па ч. 2 арт. 206 КК (рабаванне). Санкцыя гэтай часткі артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да шасці гадоў.