Малебен за Курапаты ў цэнтры Менска
Ля Свята-Духава кафедральнага сабора на плошчы Свабоды прайшоў малебен за забітых у Курапатах. Некаторыя актывісты выйшлі на плошчу з крыжамі, некаторыя — з бел-чырвона-белымі сцягамі.
Гэты дзень – сімвалічны. Праваслаўныя вернікі 7 красавіка адзначаюць адно з галоўных рэлігійных святаў – Дабравешчанне.
Паводле Уладзіміра Някляева, беларусам сёння трэба „звярнуцца да Бога, каб ён спыніў не проста здзекі з беларускага народа, але і з самога сябе”. Някляеў нагадаў, што за здзек з хрысціянскіх святыняў царква звычайна абвяшчае анафему.
Як паведаміла жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч, палітык быў сёння затрыманы пры выхадзе з дому.
На малітве прысутнічала каля 200 чалавек. Міліцыянты папярэдзілі людзей, што гэта несанкцыянаваная акцыя.
Малебен адслужыў айцец Вікенцій — іераманах Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Святары БПЦ Маскоўскага патрыярхату да людзей ня выйшлі, – паведамляе „Свабода”. Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель заклікаў прысутных прыходзіць і ў Курапаты на малітвы, што ладзяцца там штовечар а 19-й гадзіне.
Пасля некалькі дзясяткаў людзей рушылі да каталіцкага Архікатэдральнага касцёлу імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Святары Аўтакефальнай праваслаўнай царквы зачыталі малітву і там.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота і відэа svaboda.org і Беларускага Радыё Рацыя
* * *
Сёння, 7 красавіка, ля Свята-Духава кафедральнага сабора на плошчы Свабоды а 12-й гадзіне пройдзе малебен за забітых у Курапатах і ў абарону хрысціянскай веры. З ініцыятывай правядзення набажэнства выступіў адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч.
На правядзенне набажэнства каля храмаў не патрабуецца дазвол уладаў.
Лідары Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч і Яўген Афнагель таксама звярнуліся да кіраўнікоў Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў з просьбай пра сустрэчу. Яны хочуць абмеркаваць супольныя намаганні для абароны Курапатаў.
Нагадаем, 4 красавіка на месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій паводле рашэння ўлад спецтэхнікай было дэмантавана 70 драўляных мемарыяльных крыжоў, усталяваных летась грамадскімі актывістамі на чале са Змітром Дашкевічам. Наконадні, 1 сакавіка на прэс-канферэнцыі Аляксандар Лукашэнка выказаў незадаволенасць крыжамі вакол Курапатаў, якія бачныя з дарогі.
Беларускае Радыё Рацыя