У цэнтры Воршы перасыхае рака



У гістарычным цэнтры Воршы перасыхае 33-кіламетровая рака Аршыца, якая ўпадае ў Дняпро. Рака Аршыца выцякае з возера Арэхаўскае і цячэ па Аршанскім узвышшы. Калі ў вёсках Хлусава, Грышаны, Высокае, дзе яна працякае, рака паўнаводная, дык у гістарычным цэнтры Воршы Аршыца амаль перасохла. Прычым падобная праблема паўстала ў месцы, дзе Аршыца ўпадае ў Дняпро, і разам рэкі нясуць свае воды ў Чорнае мора. Побач з Гарадзішчам – месцам, адкуль пачаўся горад Ворша – знаходзіцца плаціна. Да плаціны рака зарослая, ціна і смецце часам запавольваюць плынь. Увесну, пасля таго як растаў снег, на рацэ было шмат смецця, якое пакінулі пасля сябе рыбакі і людзі на адпачынку, пра гэта „Радыё Рацыя” пісала раней.

Потым смецце было прыбранае. Да плаціны вады ў Аршыцы дастаткова. А вось далей за мост, пад якім зроблена плаціна, рака амаль не цячэ. Сітуацыя значна пагоршылася ў чэрвені, цяпер адразу за мастом Аршыцу можна перайсці бродам па пракладзеных унізе бетонных плітах, амаль не змачыўшы ногі! Пра гэта сведчаць і здымкі “Радыё Рацыя”, зробленыя на месцы падзей. Крыху далей з-пад вады праступіла дно, а бардзюры, з якіх раней сцякалі струмяні Аршыцы, цяпер стаяць сухімі. Нават дажджы не ратуюць сітуацыю. Побач працякае самотны тонкі струмень – усё, што засталося ад ракі на гэтым участку. Фактычна Аршыца перастала быць цэльнай ракой, а падзялілася на асобныя адрэзкі – да плаціны, пасля яе і непасрэдна перад упадзеннем у Дняпро. Часткі амаль аўтаномныя. На апошнім павароце перад упадзеннем у Дняпро 33-кіламетровая Аршыца зарасла цінай, у ёй валяюцца бутэлькі і нават абломак трубы. Пакуль рака не пачала запавольваць свой бег у Дняпро, дно не праяўлялася настолькі рэзка. Відавочна, што запаволенасць Аршыцы выклікана неэфектыўнай працай плаціны і зарослым дном ракі. Калі ў бліжэйшы час адказныя за экалогію і прыроду Воршы людзі не возьмуцца за справу, Дняпро страціць адзін з асноўных прытокаў на ўсходзе Беларусі, а Ворша пазбавіцца ракі, якая акаляла старажытнае аршанскае гарадзішча яшчэ з ХІ стагоддзя.

[Not a valid template]

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша