У „Цудоўні” раскажуць пра беларускія грошы
У гарадзенскай “Цудоўні” распавядуць пра гісторыю беларускіх грошай. Па словах арганізатараў, 20 ліпеня адбудзецца чароўнае нумізматычнае падарожжа, падчас якога можна будзе прасачыць усе асноўныя этапы грашовага абарачэння на тэрыторыі Беларусі. Дазнацца, калі ў Беларусі з’явіліся першыя манеты і чаму два стагоддзі асноўнай грашовай адзінкай на нашых землях быў арабскі дзірхэм.
Кажа арганізатар імпрэзы Андрэй Несцяровіч:
– Цікава будзе тым, што ў людзей з’явіцца магчымасць пабачыць купюры, якія так і не выйшлі ў абарот, надрукаваныя ў 1993 годзе. Будзе яшчэ некалькі цікавых момантаў, якія пакуль не буду агучаваць, каб заставалася інтрыга. А сама гісторыя беларускіх грошай… у нас будзе расповед ад пачатку першага тысячагоддзя. Так што будзе цікава пачуць, што было нашмат раней, і пра тое, што было зусім даўно.
Асноўным выступоўцам на сустрэчы будзе магістар гісторыі, археёлаг і нумізмат Андрэй Карач. Апроч гісторыка выступяць адмысловыя госці – Зміцер Карабач і Павел Падкарытаў. Імпрэза адбудзецца ў гарадзенскай “Цудоўні” 20 ліпеня а 19-й гадзіне.
Беларускае Радыё Рацыя