У Тураве абвесцяць Абаронцаў дзікай прыроды – 2018



Гэтым званнем ганаруе глабальная прыродаахоўная асацыяцыя BirdLife International. Трох Абаронцаў дзікай прыроды Беларусі абвесцяць 26 траўня на Фестывалі кулікоў у Тураве, які ладзіць грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” разам з Тураўскім выканкамам.

Гэтым званнем з 2018 года штогод ушаноўваюць асоб або групы актывістаў за выбітную працу па ахове дзікай прыроды на нацыянальным ці мясцовым узроўні.

Летась першымі Абаронцамі дзікай прыроды ў Беларусі былі абвешчаныя вядомы арнітолаг Уладзімір Іваноўскі, былы супрацоўнік заказніка “Выганашчанскае” Мікалай Варабей і старшы дзяржаўны інспектар Тураўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Міхаіл Ярмоліч.

У студзені грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) як нацыянальны партнёр BirdLife International запрашала ўсіх прапанаваць свайго намінанта. З сямі кандыдатур Цэнтральным саветам АПБ было адабрана тры: гэта максімальная колькасць, якую можа намінаваць на званне кожны нацыянальны партнёр BirdLife International з 110 краін.

Пры адборы ўлічвалася адпаведнасць кандыдатуры пэўным крытэрам. Званнем Абаронцаў дзікай прыроды могуць ганараваць за дасягненні ў маніторынгу біяразнастайнасці, кіраванні ахоўнымі тэрыторыямі, народнай навуцы, далучэнні людзей да аховы прыроды, а таксама за іншыя значныя ўнёскі ў ахову дзікай прыроды.

Дыпломы беларускім героям уручаць 26 траўня на Фестывалі кулікоў у Тураве. Завітвайце на фэст і натхняйцеся на добрыя справы дзеля нашай прыроды!

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ:

Паглядзець на тураўцаў, мясцовых кулікоў, знакамітае ў Еўропе Тураўскае балонне, пазнаёміцца з беларускімі абаронцамі дзікай прыроды і супрацоўнікамі Каралеўскага таварыства абароны птушак з Вялікабрытаніі – ваш шанс адзін раз на год: 26 траўня на Фестывалі кулікоў”.

Паводле прэс-рэлізу