У турмах і СІЗА Беларусі сядзяць больш за 450 раcейцаў



У беларускіх турмах адбываюць пакаранне 346 расейцаў, а яшчэ 109 знаходзяцца пад арыштам у СІЗА. Такія лічбы паведамілі агенцтву РБК у расейскай амбасадзе ў Беларусі. Пры гэтым дыпламаты падкрэслілі, што гэта звесткі на 1 ліпеня 2021 года.

Найменш 11 расейцаў трапілі пад пераслед у сувязі з палітычнымі пратэстамі, кажуць у Маскоўскай Хельсінкскай групе. Сямёра з іх ужо атрымалі прысуды. Самы вядомы з іх — Ягор Дуднікаў, асуджаны на 11 гадоў за агучванне пратэставых ролікаў. Найбольшы тэрмін (16 гадоў) атрымаў 29-гадовы Дзмітрый Папоў, які мадэраваў сацсеткі „Краіны для жыцця” — праекта Сяргея Ціханоўскага. Яшчэ трое расейцаў чакаюць прысудаў.

Пад хатнім арыштам застаецца 23-гадовая Сафія Сапега. 33-гадовы Андрэй Паднябенны знаходзіцца ў СІЗА: яго падазраюць у тым, што пракалоў шыны некалькім дзясяткам тралейбусаў у Гомелі і падпаліў міліцэйскую машыну.

Таксама ў СІЗА знаходзіцца 22-гадовы Антон Лысаў: пра яго справу вядома толькі, што яму пагражае да 12 гадоў зняволення. Хлопца падазраюць у наўмысным знішчэнні або пашкоджанні чужой маёмасці, учыненым арганізаванай групай, альбо якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека або іншыя цяжкія наступствы, альбо якое пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 218).

Даніл Чамаданаў ужо адбыў свой тэрмін пакарання: яго асудзілі па „карагоднай справе” ў Берасці. Пасля зняволення Чамаданава дэпартавалі з Беларусі, дзе ён пражыў 22 са сваіх 24 гадоў.

Беларускае Радыё Рацыя