У турме на Акрэсціна для Корбана не знайшлі месца



10 сутак адміністрацыйнага арышту Алегу Корбану давядзецца адбыць у іншы тэрмін.

Кіраўніка грамадскага аб’яднання „Альтэрнатыва” Алега Корбана пратрымалі ўчора ў Партызанскім РУУС Менску цягам чатырох гадзін і адпусцілі.

У РУУС Корбан прыйшоў па заяўцы з Фрунзенскага суду, дзе на яго склалі паперы датычныя справы і адвезлі з апорнага пункту ў Партызанскі РАУС, сказаў Алег Корбан:

– Вызвалілі, па іх словах не знайшлі месца на Акрэсціна, цяпер знаходжуся ў такім падвешаным стане, што трэба знаходзіцца дома бліжэйшыя 3-4 дні, прынамсі да панядзелка, і чакаць, калі будзе звязвацца ўчастковы інспектар, які мусіць запрасіць на гэтую адсідку. Па іх сцэнару – гэта вось так, менавіта ў гэты час заняліся, бо канец года, прыйшла папера, што за мной недаседжаны тэрмін у 10 сутак. Яны пачалі звязвацца з Акрэсціна, там сказалі: “Мы прыняць гэтага чалавека ніяк не можам”.

Алег Корбан мяркуе, што 10 сутак, якія яму прысудзілі ў жніўні, маглі быць звязаныя з распаўсюдам плакатаў і вывешваннем бел-чырвона-белых сцягоў у Дзяржынску.

Беларускае Радыё Рацыя