У турме працягваецца ціск на Андрэя Бандарэнку



У магілёўскай турме №4 працягваецца ціск на зняволенага праваабаронцу Андрэя Бандарэнку. Ён асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі па артыкуле аб хуліганстве.

Па словах юрыста, былога суддзі Канстытуцыйнага суда Міхаіла Пастухова, раней у Дэпартамент выканання пакаранняў і пракуратуру былі накіраваныя скаргі на неабгрунтаванасць пакаранняў Бандарэнкі. Аднак скаргу не задаволілі, а кантроль і дробныя прыдзіркі да зняволенага праваабаронцы ўзмацніліся:

– Пракуратура фармальна адпісвае, перасылае ў Дэпартамент выканання пакаранняў, ДВП перасылае ў адміністрацыю турмы. І ў выніку ніякіх парушэнняў з боку адміністрацыі няма, усё законна. Атрымліваецца, што бараніць свае правы ў месцах пазбаўлення волі бессэнсоўна. Атрымліваецца, што зняволеныя – гэта рабы адміністрацыі.

Як нагадаў Міхаіл Пастухоў, тэрмін пакарання Андрэя Бандарэнкі сканчаецца 31 сакавіка 2017 года.  І менавіта гэтым тлумачыцца ўзмацненне на яго ціску з боку адміністрацыі турмы. „Ён атрымаў статус асабліва злоснага парушальніка. І калі зараз на Бандарэнку будуць накладацца новыя спагнанні, то з’яўляюцца фармальныя падставы ўзбудзіць крымінальную справу па артыкуле  411 – за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы. І Бандарэнка можа яшчэ на пэўны час застацца ў няволі. Такую практыку беларускія ўлады ўжо неаднаразова выкарыстоўвалі, у тым ліку і супраць сваіх палітычных апанентаў,” – нагадаў Міхаіл Пастухоў.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелаПАН