У вагоне менскага метрацягніка на хаду лопнула шкло
У вагоне цягніка Менскага метрапалітэна на хаду лопнула шкло. Пацярпелых няма.
Інцыдэнт адбыўся 8 траўня ў 10.40 на перагоне паміж станцыямі „Першамайская” і „Пралетарская”. Пасыпалася правае задняе шкло ў другім вагоне. Адзін з пасажыраў паведаміў аб здарэнні машыністу па гучнай сувязі, аднак цягнік паехаў далей, да станцыі „Трактарны завод”. Пасля прыбыцця на станцыю мужчына зноў звязаўся з машыністам і папярэдзіў, што пры тармажэнні аскепкі шкла падаюць у вагон і ўяўляюць небяспеку для пасажыраў. Машыніст у суправаджэнні работніцы станцыі падбег да вагона, пасля чаго было прынята рашэнне зняць цягнік з лініі і адправіць у тупік (у свой час „Трактарны завод” быў канцавой станцыяй).
Рух цягнікоў не перарываўся, пасажыры паехалі на наступным. Некаторы час ён прастаяў на станцыі „Аўтазаводская”, пасля чаго паехаў далей.