У Варшаве памерла праўнучка Францішка Багушэвіча
Пайшла ў лепшы свет Крыстына Шманьда — праўнучка класіка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча. Сумную навіну з Варшавы паведаміў у фэйсбуку журналіст Віктар Шукеловіч.
Крыстына Шманьда нарадзілася ў 1932 годзе пад Смаргонню. Калі Крыстыне было 7 гадоў, яе разам з маці і братам бальшавікі выслалі ў Сібір. З бальшавіцкага палону сям’я здолела выбрацца ў 1942 годзе, калі ў СССР падчас Другой сусветнай вайны фармавалася польская Армія Андэрса. Спачатку Крыстына са сваякамі перабралася ў Персію, а пасля ў Індыю. Толькі пасля Другой сусветнай вайны, у 1947 годзе, сям’я змагла перабрацца ў Польшчу і жыла на Мазурах. Крыстына Шманьда пасля заканчэння хімічнага факультэта ў Познані пераехала ў Варшаву. Тут яна працавала настаўніцай хіміі ў школе.
Як адзначае НН, ніхто з непасрэдных нашчадкаў Францішка Багушэвіча цяпер не жыве ў Беларусі — некаторыя з іх перабываюць у Польшчы, а частка выехала ў ЗША.