У Варшаве прайшла служба ў гонар Францыска Скарыны
У варшаўскай архікатэдры Яна Хрысціцеля адбылося ўрачыстае набажэнства ў гонар беларускага першадрукара Францыска Скарыны да 500-годдзя яго “Малой падарожнай кніжкі”. Святую імшу ўзначаліў Біскуп дапаможны Варшаўскай дыяцэзіі Міхал Яноха. У саслужэнні іншых святароў быў і беларускі ксёндз Вячаслаў Барок.

Гэта было набажэнства не толькі ў гонар Скарыны, гэта была імша салідарнасці з беларускім народам, кажа Валерый, эмігрант з Беларусі:
– Гэта служба не толькі памяці Францыска Скарыны, але і ў падтрымку ўсіх беларусаў. Францішак Скарына тварыў у Вільні, але раней ён быў у Італіі, у Чэхіі, дзе друкаваў кнігі, быў такім эмігрантам і мы таксама ўсе эмігранты цяпер.



Служба прайшла на трох мовах: беларускай, польскай і ўкраінскай. Паводле кіраўніка народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі, вельмі важна, што нас аб’ядноўвае велічная постаць Францыска Скарыны, які фактычна быў еўрапейцам, спалучаў Усход і Захад і рабіў асветніцтва для Еўропы:
– І вельмі сімвалічна, што мы адзначаем яго 500-годдзе. Я спадзяюся, што гэта таксама той шлях, якім павінен прайсці беларускі народ – быць адкрытым свету, рабіць асвету для свету.
Цалкам рэпартаж слухайце ў далучаным аўдыёфайле:
Такое святочнае адзначэнне ў Польшчы гэтага юбілею адбылося ў значнай ступені дзякуючы амбасадару Польшчы ў Беларусі Артуру Міхальскаму. Падобныя ўрачыстасці ў гонар Францыска Скарыны прайшлі і ў іншых еўрапейскіх краінах.
Беларускае Радыё Рацыя
