У Варшаве пройдзе канферэнцыя „БНР і ідэі беларускай дзяржаўнасці”
24-га лістапада ў Варшаве пройдзе навуковая канферэнцыя „Беларуская Народная Рэспубліка і ідэі беларускай дзяржаўнасці”. Арганізуе яе Цэнтр Беларускіх даследаванняў пры Варшаўскім універсітэце. Гэта ўжо трэцяя, запар, канферэнцыя такіх сяброў „Цэнтра”, як Алесь Краўцэвіч, Святлана Куль-Сяльверстава, Алесь Смалянчук ды іншых. Апрача беларускіх даследчыкаў прымуць удзел і запрошаныя госці, якія вывучаюць тэму Беларускай Народнай Рэспублікі.
Кажа кандыдат гістарычных навук Андрэй Чарнякевіч:
— Гэта і Юры Грыбоўскі і прафесар Яўген Мірановіч і шмат іншых. Усяго запланавана больш чым 14 дакладаў. Прымаюць удзел людзі, якія адкрытыя менавіта ў навуковай дыскусіі. Мы не прыхільнікі нейкіх догматаў. Гэта вельмі добра бачна нават у асабістых стасунках. Таму, дыскусія будзе. Прычым я прадчуваю, што дыскусія будзе вельмі вострай. Ну, напрыклад, нават такой момант: вялікі блок гэтых рэфератаў звязаны беларуска-нямецкімі адносінамі.
Андрэй Чарнякевіч аптымістычна глядзіць на тое, што спадчына Беларускай Народнай Рэспублікі з вобласці яе вывучэння, атрымае практычную пераемнасць у Беларусі цяперашняй. Бо, на яго думку, афіцыйная навука ў Беларусі адыходзіць ад поўнага ігнаравання факта дзейнасці БНР.
Кажа Андрэй Чарнякевіч:
— Апошні час можна ўбачыць як дзяржаўныя інстытуты адыходзяць. Гэта інстытут гісторыі. Можа не так выразна, але тым не менш усё больш і больш чуваць: і гэта наша спадчына, мы не павінны падзяляць. .Але тут якраз прынцыповы момант: што лічыць спадчынай, якія галоўныя ідэі? Ідэя БНР — гэта ідэя суверэнітэту беларускага народу і і дзяржаўная незалежнасць. Зразумела, што тут, у кантэксце палітыкі сённяшняй Беларусі, могуць узнікаць пытанні.
Канферэнцыя пачнецца а 9-30, 24-га лістапада ў памяшканні гістарычнага факультэта Варшаўскага Універсітэта.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя