У Варшаве ўручылі прэмію імя Віктара Івашкевіча



У польскай сталіцы ўручылі прэмію Хартыі’97 за абарону правоў чалавека.

Наталля Радзіна

Наталля Радзіна (Фота charter97.org)

Сёлета лаўрэатамі ўзнагароды сталі журналістка Святлана Калінкіна, былы палітвязень і аўтар кнігі “Еду ў Магадан” Ігар Аліневіч, а таксама ініцыятыва “Студэнты супраць”, гаворыць галоўны рэдактар Хартыі’97 Наталля Радзіна:

– Святлана Калінкіна на мой погляд лепшы беларускі журналіст. Гэта подзвіг – заставацца ў Беларусі сёння незалежным журналістам, не губляць сумленнасць, працаваць без самацэнзуры пад ціскам з боку ўлады. Ігар Аліневіч – гэта прыклад мужнасці, смеласці. Гэта былы палітвязень, які адбыў у турме амаль пяць гадоў, які напісаў цудоўную кніжку пра сістэму ГУЛАГаў у сённяшняй Беларусі. “Студэнты супраць” – гэта таксама вельмі трапная зараз ініцыятыва таму, што амаль на працягу амаль дваццаці гадоў у Беларусі не было амаль ніводнай студэнцкай акцыі пратэсту, а зараз яны пачаліся і гэта вельмі добра.

Яшчэ адным лаўрэатам сёлетняй прэміі стаў гурт “Крамбамбуля” за выпуск партызанскага альбому “Чырвоны штраль”. Гэта ўжо не першы выпадак, калі лаўрэатамі прэміі становяцца музыкі:

– Роля музыкаў, роля пісьменнікаў, паэтаў, яна вельмі вялікая таму, што культура грукаецца да сэрцаў. На самой справе людзі культуры павінны быць у гэтай сітуацыі сёння з народам і змагацца з дыктатурай таму, што яны могуць зрабіць вельмі-вельмі шмат для таго, каб краіна стала свабоднай.

Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была заснавана Хартыяй’97 у 1998 годзе. З 2013-га года прэмія носіць імя лідара беларускага адраджэння Віктара Івашкевіча.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя