У Варшаве ўзгадалі мірны антырасейскі супраціў у Крыме
26 лютага 2014 года тысячы праўкраінскіх жыхароў Крыму, у асноўным крымскія татары выйшлі пад сцены Парламента Крыму, каб не дапусціць абрання прарасейскага прэм’ера аўтаномнай рэспублікі.
Сёлета ва Украіне 26 лютага афіцыйна адзначылі як Дзень супраціву расейскай акупацыі Крыму. Дату ўзгадалі таксама ў Варшаве. На сустрэчы ва “Украінскім доме” былы віцэ-міністр замежных спраў Польшчы Кшыштаф Станоўскі адзначыў, наколькі важны быў супраціў у Крыме:
— Крымскія татары і іншыя жыхары Крыму публічным мірным пратэстам не дапусцілі да прыняцця пад уплывам Расеі рашэння пра далучэнне Крыму да Расеі на падставе рашэння мясцовых уладаў. У выніку гэтага ўвайшлі «зялёныя чалавечкі» і пачалася вайна. Калі б гэтага не было, я баюся, што Расея далучала б вобласць за вобласцю, прымаючы падобныя рашэнні на ўзроўні абласной Рады і неўзабаве аказалася б, што слабая на той час Украіна не здольная супраціўляцца гэтаму.
За 2 гады акупацыі расейскія ўлады ажыццяўлялі рэпрэсіі супраць праўкраінскіх актывістаў, асабліва крымскіх татараў, гаворыць Ленур Керымаў з Хельсінскага камітэту:
— Апошнія арышты былі літаральна некалькі тыдняў таму. Рэпрэсіі супраць крымскіх татараў на самой справе толькі цяпер набіраюць абароты: ёсць і палітычныя сфабрыкаваныя справы, ёсць і ціск на Меджыліс, орган самакіравання ўкраінскіх татараў, які ўвогуле хочуць прызнаць тэрарыстычнай арганізацыяй, вялізная колькасць ператрусаў у дамах крымскіх татараў пры гэты абшукваюць не проста асобныя дамы, а цэлыя сёлы, напады на мячэты, дыскрымінацыя.
На сустрэчы ў Варшаве таксама зазначылі, што ад расейскай улады пацярпела нават лаяльная ёй частка жыхароў Крыму, бо эканамічныя ўмовы жыцця значна пагоршыліся.
[Not a valid template]
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава