У Ватыкане ўсталявалі калядную ёлку



Раніцай 22 лістапада на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане з дапамогай спецыяльнага крану была ўсталявана 21-метровая святочная ёлка. Сёлета гэтае дрэва — нязменны атрыбут Божага Нараджэння — падарунак Пантыфіку ад італьянскай дыяцэзіі Канкордыя-Пардэнонэ.

Упрыгожаннем дрэва зоймуцца тэхнічныя службы Губернатарату Горада-Дзяржавы Ватыкан у супрацоўніцтве з фірмай Osram, якая прапануе энергазахавальную сістэму асвятлення апошняга пакалення.

Дрэва стаіць побач з батлейкай Божага Нараджэння, якая сёлета будзе зроблена з пяску. Такая традыцыя паходзіць з італьянскага мястэчка Езала, што непадалёк ад Венецыі. Кампазіцыя зойме плошчу ў 25 квадратных метраў; яе даўжыня складзе 16 метраў, вышыня — 5 метраў, а глыбіня — 6 метраў.

Цырымонія інаўгурацыі ёлкі і батлейкі запланавана на 7 снежня. Кампазіцыя застанецца на ватыканскай плошчы да 13 студзеня 2019 г., да завяршэння літургічнага перыяду Божага Нараджэння.

Паводле Vatican News / Catholic.by