У Ваўкавыскім раёне за 1,5 гадзіны адбыліся тры аварыі



У Ваўкавыскім раёне за 1,5 гадзіны адбыліся тры аварыі, у якіх пацярпелі пешаходы. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні ДАІ УУС Гарадзенскага аблвыканкама. Аварыі адбыліся ўвечары 30 лістапада з 18 да 19.30.

Два наезды на пешаходаў зафіксаваныя ў райцэнтры, яшчэ адна аварыя здарылася ў г.п.Рось. „Там пад коламі ” Фальксвагена ” апынуўся малады чалавек. У пацярпелага зламаная нага”, – адзначылі ў ДАІ рэгіёну.

Па-за пешаходным пераходам на вуліцы Новапраектнай у Ваўкавыску „Опель” збіў пенсіянерку.

Цяжкія траўмы атрымаў пажылы жыхар райцэнтра. Ён перасякаў вуліцу Гарбатава па зебры, хуткасць на тым участку абмежаваная да 40 км / г. Аднак кіроўца „Пежо” не змог прадухіліць аварыі. Пацярпелы ў рэанімацыі.

Ці стала пагаршэнне ўмоў надвор’я адной з прычын аварый, яшчэ трэба будзе вызначыць. Учора ў Гарадзенскай вобласці ішоў моцны мокры снег. Усплёску аварыйнасці па вобласці, за выключэннем Ваўкавыска, ён не выклікаў. У прыватнасці, у Гародні і ваколіцах колькасць ДТЗ не перавысіла сярэднюю за звычайны день.

Фота: ДАІ УУС Гарадзенскага аблвыканкама