У Ваўкавыску пераследуюць Алеся Сезеня



На грамадскага актывіста з Ваўкавыску Алеся Сезеня завялі крымінальную справу нібыта за паклёп на супрацоўніка райвыканкама. Міліцыянты прыходзілі да актывіста яшчэ ў снежні 2020 году і ў сярэдзіне студзеня дома ў актывіста адбыўся ператрус.

Кажа Алесь Сезень:

– Пасля таго, як да мяне прыходзіў Паўлоўскі 28 снежня, мяне выклікалі 15 студзеня позвай у Следчы камітэт. Прад’явілі мне абвінавачванне, я ўжо стаў падазраваны па крымінальнай справе. Быў допыт. Пасля допыту, я толькі выйшаў са Следчага камітэту, адразу чатыры супрацоўнікі міліцыі горада Ваўкавыска паказалі мне ордэр на ператрус. Разам з імі мы паехалі да мяне дамоў, дзе ў мяне дома яны правялі ператрус.

Актывіст упэўнены, што сёлетні пераслед звязаны яшчэ з падзеямі 5-гадовай даўніны, а таксама з’яўляецца пераследам за яго грамадзянскую пазіцыю.

– Я ніколі не займаўся нейкай экстрэмісцкай, тэрарыстычнай, або нейкай радыкальнай дзейнасцю ў сваім жыцці. Я даволі мірны чалавек, які, канешне, не абыякавы да жыцця свайго горада. Хутчэй усяго гэта і ёсць прычын таго, што мясцовыя чыноўнікі вырашылі на мне адыграцца.

Па словах актывіста, справу яшчэ не перадалі ў суд, але могуць гэта зрабіць цягам бліжэйшых дзвух месяцаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча