У Ваўкавыску са стралянінай затрымлівалі п’янага кіроўцу
Як паведамляе прэс-служба МУС, 5 ліпеня каля 21:10 у Ваўкавыску супрацоўнікі ДАІ падалі знак спыніцца кіроўцу „Рэно Меган Сцэнік”. Той праігнараваў патрабаванні інспектараў і павялічыў хуткасць. Пачаўся пераслед.
На сігналы ДАІ кіроўца не рэагаваў. Да пераследу падключыўся экіпаж Дэпартамента аховы. У нейкі момант „Сцэнік” спыніўся. Аднак калі міліцыянт падышоў і паспрабаваў выняць ключы з замка запальвання, кіроўца раптам крануўся з месца. Міліцыянт апынуўся на капоце. Каб спыніць парушальніка, супрацоўнікі Дэпартамента аховы некалькі разоў стрэлілі па колах.
За рулём знаходзіўся 26-гадовы кіроўца з заўважнымі прыкметамі алкагольнага ап’янення. Ён затрыманы.
У выніку прымянення зброі ніхто не пацярпеў.
