У Ваўкавыску зарэгістравана 20 выпадкаў адзёру
У Ваўкавыску зарэгістравана 20 выпадкаў адзёру, паведаміла намесніца начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан. „На сёння ў Ваўкавыску пацверджана 20 выпадкаў захворвання на адзёр. За людзьмі, якія былі ў кантакце з хворымі, вядзецца медыцынскае назіранне. Гэта дазваляе своечасова выявіць захворванне і пачаць лячэнне пацыентаў. Сярод кантактных жыхароў новых выпадкаў адзёру не выяўлена”, – распавяла Іна Карабан.
Захворванне ў большасці выпадкаў выяўлена ў тых, хто не быў прышчэплены. У дачыненні да некаторых пацыентаў ўдакладняецца іх прышчэпачны статус: вывучаецца ўся медыцынская дакументацыя, у тым ліку з дзіцячай і дарослай паліклінік. Падтып адзёру, які зараз рэгіструецца ў Ваўкавыску, раней у Беларусі не цыркуляваў. Ён сустракаецца ў краінах Еўропы, у тым ліку Украіне. Гэты факт дазваляе меркаваць, што вірус быў завезены з нейкай еўрапейскай краіны. Генатып віруса не ўплывае на цяжар захворвання, яно працякае ва ўсіх пацыентаў практычна аднолькава. Калі ў чалавека імунітэт паніжаны, ён будзе пераносіць хваробу ў больш цяжкай форме.
Прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя звярнула ўвагу, што ніколі не варта ставіць пад сумнеў эфект вакцынацыі – гэта адзіны навукова даказаны спосаб прафілактыкі захворвання. Прышчэпку варта зрабіць у першую чаргу тым, хто часта выязджае за мяжу. Захварэць могуць і вакцынаваныя людзі, але ў адзінкавых выпадках, калі імунны адказ на вакцыну не спрацаваў. У Ваўкавыску адкрыты дадатковы прышчэпачны пункт, які працуе з 8.00 да 20.00.