У Ваўкавыску затрымлівалі ўдзельнікаў заняткаў „Мова Нанова” (абноўлена)
Амаль тры дзясяткі чалавек затрымалі ўчора вечарам міліцыянты падчас курсаў “Мова Нанова ў Ваўкавыску”.
Пра дзіўную сітуацыю на курсах распавядае журналіст і адзін са стваральнікаў курсаў Глеб Лабадзенка:
– Гэта, безумоўна, надзвычайная сітуацыя, таму што курсы ўжо дзейнічаюць сем гадоў абсалютна легальна. У нас ёсць дзяржаўная рэгістрацыя. Мы законна праводзім свае заняткі. І ніколі такога не было, каб проста слухачоў і выкладчыкаў курсаў пагрузілі ў аўтобус і завезлі ў РАУС. Я, канешне ж, адразу звязаўся з Ваўкавыскім РАУСам, і патлумачыў, што ў нас ёсць усе неабходныя дакументы. І людзей адпусцілі, папярэдзіўшы пра недапушчальнасць нейкіх мерапрыемстваў і адкатаўшы хлопцам пальцы.
Па словах Наталлі Бінкевіч, выкладчыцы курсаў „Мова Нанова ў Ваўкавыску”, яе здзівілі паводзіны міліцыянтаў:
– Непрыемна ўразіла, калі мы выйшлі да аўтобуса, які нас чакаў, міліцыянт пацягнуў мяне некалькі разоў за рукаво. І прымушаў мяне садзіцца ў аўтобус, хоць ніхто не садзіўся. Стаўленне было прыязнае. Там былі супрацоўнікі, малодшыя за мяне па ўзросце. У памяшканні было каля дзесяці чалавек. Калі мы выйшлі, стаялі таксама супрацоўнікі.
Нагадаем, што “Мова Нанова ў Ваўкавыску”- адныя з “маладых” курсаў, бо ладзіяцца апошнія некалькі месяцаў, і арганізатары курсаў лічаць учорашняе затрыманне слухачоў – дадатковым піярам заняткаў, бо з міліцыі ўсе наведнікі курсаў вярнуліся на заняткі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча