У Ваўкавыску затрымалі Юрася Меляшкевіча



Пра гэта ў фэйсбуку напісала ягоная жонка Ганна. Яна таксама паведаміла, што “абвінавачванне не прад’яўленае, але паколькі забралі таксама бухгалтара і фіндырэктара – то можна меркаваць, чаго можна чакаць.”

39-гадовы Юрась Меляшкевіч з’яўляецца намесьнікам старшыні грамадскага аб’яднання «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры». Спадар  Меляшкевіч апошнім часам займаўся захаваньнем і папулярызацыяй беларускай гістарычнай спадчыны. Ён удзельнічаў у арганізацыі летніка па аднаўленні старых могілак у вёсцы Ізабелін, ладзіў летнік па прыборцы руін пахавання Бохвіцаў у маёнтку ў Падароску.

Летась Юрась Меляшкевіч прадстаўляў інтарэсы БНФ “Адраджэньне” у Вярхоўным Судзе падчас судовага разгляду пазова Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання. У час зняволення старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, асуджанага на 10 гадоў пазбаўлення волі, спадар Меляшкевіч застаецца адным з трох намеснікаў кіраўніка партыі, хто не пакінуў тэрыторыю Беларусі.

У жніўні мінулага года Меляшкевіч ужо затрымліваўся сілавікамі, але тады яго хутка адпусцілі.