У Ваўкавыску з’явяцца шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц
На чарговай сесіі Ваўкавыскага раённага савету дэпутатў, якая адбылася 26 траўня, адным з пытанняў парадку дня было пытанне аб ходзе выканання рашэння райсавета ад 27 лютага 2017 г. № 129. Рашэннем адпаведныя інстанцыі і ваенна-гістарычны музей імя Баграціёна павінны былі ўстанавіць назвы асноўных вуліц Ваўкавыска з улікам гістарычных перыядаў, вызначыць некалькі будынкаў у гістарычным цэнтры горада і ўдакладніць, якія аб’екты размяшчаліся ў гэтых будынках у розныя гістарычныя перыяды. А ваўкавыскім камунальнікам загадана знайсці магчымасць для вырабу шыльдаў на вуліцах і будынках Ваўкавыска і карты-схемы горада і размясціць у цэнтральнай частцы райцэнтра.
У пералік увайшлі дванаццаць вуліц: завулак і вуліца Карла Маркса, вуліцы Баграціёна, Дзяржынскага, Жолудзева, Чырвонаармейская, Кутузава, Леніна, Мядзведзева, Панковай, Перамогі і Савецкая.
Тапанімічная камісія вызначыць вуліцы, на якіх будуць устаноўлены шыльды, і мову для напісання гістарычных назваў. Застаецца спадзявацца, што гэта будзе па-беларуску.
Паводле volkovysk.by