У вернікаў Праваслаўнай Царквы – Вялікая Пятніца



У вернікаў Праваслаўнай Царквы – Вялікая Пятніца. Традыцыйна ў гэты дзень  у храмах не адпраўляецца літургія. Гэта дзень малітоўных успамінаў пра пакуты і смерць Ісуса Хрыста на крыжы.

У гарадзенскім Свята-Пакроўскім Саборы праваслаўнай Царквы ужо а 14-й гадзіне пройдзе вячэрня. Пазней – а 18-й  – Ютрань. Кажа святар Павал Каспяровіч:

– Мы перачытваем Евангелле. Духоўнымі вачыма бачым гэта і быццам бы там знаходзімся. Вось так было б добра правесці гэтыя апошнія дні перад Пасхай, каб калі прыйдзе гэтая святая ноч уваскрэшання Хрыста, каб мы былі падрыхтаваныя, каб мы гэтыя пакуты перажылі, пераасэнсавалі зноў. І насамрэч радаваліся, што Хрыстос уваскрасае. Каб мы адчувалі, што мы быццам бы за спінамі тых жанчын, якія прыйшлі да той труны, каб той камень адваліць.

Для вернікаў гэты дзень з’яўляецца днём самага строгага посту ва ўсім літургічным календары. У цэрквах адбываецца ўрачыстае ўнясенне Плашчаніцы, сімвалічнай труны Ісуса Хрыста. 

На Вялікую Суботу ў галоўным храме гарадзенскіх праваслаўных хрысціянаў пройдзе асвячэньне ежы. А ўжо а 23-30 пачнецца крыжовая працэсія вакол Свята-Пакроўскага сабора з пасхальнай літургіяй, якую узначаліць архіепіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемій.

Гэтым падзеям, якія прайшлі больш за дзве тысячы гадоў таму, айцец Павал Каспяровіч прысвяціў верш:

Ці помніш, Іерусалім,

Асуджаны грахом сваім.

Як ты сляпы і апантаны

Крычаў на вуліцах:”Асанна”.

А праз якіх чатыры дні

Ужо:”Распні яго, распні”.

І намагаўся ад Пілата:

” Хрыстос павінен быць распяты”.

О, грэшны Іерусалім.

Што ты зрабіў з Хрыстом сваім.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня