У відэааператара, які супрацоўнічаў з Deutsche Welle, правялі ператрус



У беларускага відэааператара Ягора Камароўскага, які супрацоўнічаў з Deutsche Welle, 1 кастрычніка прайшоў ператрус па крымінальнай справе. Пра гэта Deutsche Welle паведаміў бацька журналіста Сяргей Камароўскі. Паводле яго слоў, у пастанове пра ператрус пазначаны артыкулы Крымінальнага кодэксу «Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці», а таксама — «Акт тэрарызму».

Падчас ператрусу ў кватэры відэааператара ў Менску забралі ўсю тэхніку, у тым ліку ноўтбук, відэакамэры, прылады для запісу і карты памяці, а таксама пасведчанне пазаштатнага супрацоўніка Deutsche Welle. Разам з тым, як адзначыў бацька Камароўскага, афіцыйна ні падазрэнне, ні абвінавачанне па крымінальнай справе Ягору пакуль не выстаўлена. Цяпер Ягор Камароўскі ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна ў Менску. Ён быў затрыманы ўвечары 28 верасня, пра што паспеў паведаміць сваякам. На наступны дзень яго асудзілі на 14 сутак адміністрацыйнага арышту за «хуліганства».