У Вільні абмяркоўваюць магчымасці выратавання ЕГУ



У Вільні разглядаюць магчымасць стварэння плана выратавання Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ), які апынуўся на мяжы закрыцця.

4 студзеня ў сейме Літвы адбылася нефармальная сустрэча палітыкаў, прадстаўнікоў міністэрстваў адукацыі і замежных спраў для абмеркавання сітуацыі, якая склалася ў ЕГУ, паведамляе партал delfi.lt. „Мы абмяркоўваем, як забяспечыць рашэнне праблем, што акцэнтаваліся ў высновах экспертаў. Рыхтуецца план”, — заявіла журналістам пасля сустрэчы міністр адукацыі і навукі Літвы Юргіта Пятраўскене.

Паводле яе слоў, эксперты, якія правялі знешнюю ацэнку ЕГУ, паказалі на слабыя месцы ВНУ, дзе навучаюцца ў асноўным грамадзяне Беларусі. На пытанне пра будучыню ўніверсітэта Пятраўскене адказала, што гэта не ў яе кампетэнцыі.

Дырэктар Цэнтра ацэнкі якасці адукацыі Літоўскай Рэспублікі Нора Скабурскене адзначыла, што ЕГУ ўжо не першы раз атрымлівае негатыўныя ацэнкі і ВНУ патрабуюцца радыкальныя перамены. Паводле яе слоў, да 11 студзеня ЕГУ можа падаць апеляцыю Міністэрству адукацыі і навукі з нагоды ацэнкі экспертаў. Згодна з літоўскім законам аб навучанні і навуцы, калі ВНУ двойчы атрымлівае негатыўныя ацэнкі, міністр вырашае пытанне аб адмене дазволу на ажыццяўленне ім адукацыйнай дзейнасці.

Пры гэтым Скабурскене прызнала выключны статус ЕГУ. „Гэта не акадэмічны, гэта палітычны праект, таму ўрад павінен вырашыць, як юрыдычна і якасна абгрунтаваць, бо эксперты ясна паказалі на якасныя недахопы ў іх дзейнасці, якія відавочна паўтараюцца з моманту заснавання ўніверсітэта, і з гэтым нічога не робяць. Я думаю, што павінны быць прынятыя радыкальныя рашэнні”, — падкрэсліла яна.

Кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу ЕГУ Максімас Мілта, каментуючы сітуацыю на просьбу БелаПАН, заявіў, што „кіраўніцкі савет працуе з урадам Літвы па пытанні акрэдытацыі”.

Згодна з інфармацыяй, апублікаванай на сайце Цэнтра па ацэнцы якасці вышэйшай адукацыі Літвы, першая інстытуцыйная ацэнка ЕГУ адбылася ў 2014 годзе і мела адмоўны вынік, аднак ВНУ быў акрэдытаваны як універсітэт на трохгадовы перыяд. Ацэнка дзейнасці ў 2017 годзе таксама дала адмоўны вынік. Такая выснова заснаваная на экспертнай адмоўнай ацэнцы стратэгічнага менеджменту і навуковай дзейнасці, падкрэсліваюць у цэнтры. У той жа час такія аспекты дзейнасці ЕГУ, як навучанне на працягу ўсяго жыцця і ўплыў на развіццё рэгіёнаў і краіны ў цэлым, ацэненыя станоўча.

У ЕГУ заявілі пра нязгоду з інстытуцыйнай ацэнкай ВНУ. У афіцыйнай заяве ЕГУ гаворыцца, што рэформы, праведзеныя ў ВНУ ў 2015—2017 гадах, забяспечылі істотнае развіццё стратэгічнага кіравання, навучальнай і навуковай дзейнасці, што было прызнанае на донарскай канферэнцыі ў лістападзе 2017 года. 

„Будучы адзіным у свеце ўніверсітэтам у выгнанні, ЕГУ зведаў значныя рэформы стратэгічнага кіравання, а таксама ўкараніў новы стратэгічны план на 2016—2021 гады. Стратэгічны план быў распрацаваны ў цесным узаемадзеянні са Шведскім агенцтвам міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця (SIDA) і на падставе рэкамендацый Цэнтра ацэнкі якасці вышэйшай адукацыі, дадзеных у межах інстытуцыйнай ацэнкі ўніверсітэта ў лютым 2015 года. Кіраўніцтва ЕГУ шкадуе, што ў сваёй справаздачы цэнтр не ўлічыў палітычную значнасць універсітэта для Беларусі”, — гаварылася ў заяве ЕГУ.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў адкрыты ў Менску ў 1992 годзе. У 2004-м беларускія ўлады, незадаволеныя самастойнасцю яго кіраўніцтва, закрылі ВНУ. У 2005 годзе ЕГУ аднавіў працу ў Вільнюсе ў статусе беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. За 12 гадоў працы ў Вільнюсе выпускнікамі ЕГУ сталі 2.124 чалавекі. У 2017/18 акадэмічным годзе ў ЕГУ навучаюцца 847 студэнтаў, 95% з’яўляюцца грамадзянамі і рэзідэнтамі Беларусі.

belapan.com