У Вільні адбылася забастоўка студэнтаў ЕГУ
Забастоўка студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) супраць дзеянняў кіраўніцтва ВНУ, якая адбылася 1 кастрычніка ў Вільні, доўжылася прыблізна дзве гадзіны.
Як паведаміў БелаПАН прэзідэнт Студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ Цімафей Малахоўскі, акцыя прайшла без інцыдэнтаў, у ёй удзельнічалі 50 чалавек. Студэнты стаялі з плакатамі «ЕГУ – гэта мы», «Дзе нашы выкладчыкі?», «2 гады хадзіла з заплюшчанымі вачыма, сёння вырашыла прыадкрыць», «ЦАНА/якасць».
Паводле слоў Малахоўскага, ніхто з адміністрацыі ВНУ да пратэстоўцаў не выйшаў, ва ўніверсітэце гэтым час праходзіла ўрачыстая цырымонія адкрыцця новага навучальнага года. «Нашы плакаты бачылі ўсе ўдзельнікі цырымоніі адкрыцця навучальнага года, у тым ліку паслы, члены сейма Літвы, члены кіруючай рады ЕГУ і іншыя», – дадаў ён.
Удзельнікі забастоўкі вылучылі адміністрацыі ВНУ некалькі патрабаванняў. Першае – адмяніць узмацненне жорсткасці фінансавых правілаў для студэнтаў. Другое – вярнуць беспадстаўна звольненых выкладчыкаў. Трэцяе – зрабіць кадравую палітыку ВНУ празрыстай, вярнуць вырашальны голас студэнцкай і акадэмічнай супольнасці ва ўсіх органах кіравання, зрабіць выбары ў сенат ЕГУ адкрытымі і вярнуць яму паўнамоцтвы.
«Мы чакаем рэакцыі кіраўніцтва ЕГУ і запрашаем іх для публічных перамоў. Мы плануем серыю адзіночных пікетаў ля ўваходу ў ЕГУ найбліжэйшымі днямі», – сказаў кіраўнік Студэнцкага прадстаўніцтва.
На пытанне, ці не асцерагаюцца ўдзельнікі акцыі санкцый з боку адміністрацыі, Малахоўскі адказаў: «Не, нам не страшна. 50 чалавек – гэта вельмі значная частка студэнтаў вочнага аддзялення ў ЕГУ. Колькасць студэнтаў з кожным годам змяншаецца. Мы ўпэўненыя, што кіраўніцтва ЕГУ не пойдзе на гэта (адлічэнне. – БелаПАН.). У выпадку калі гэта здарыцца, мы працягнем наш пратэст».
Як паведамляў БелаПАН, адной з падстаў для першай у гісторыі ЕГУ забастоўкі стала павышэнне кошту навучання, якое Студэнцкае прадстаўніцтва ЕГУ лічыць неапраўданым «ва ўмовах зніжэння якасці адукацыі». Паводле інфармацыі прадстаўніцтва, кошт навучання для 80% студэнтаў у гэтым навучальным годзе вырас у сярэднім на 400 еўра за семестр.
Удзельнікаў акцыі абурае, што гэтае рашэнне кіраўніцтва ВНУ прыняло ў аднабаковым парадку, без удзелу прадстаўнікоў студэнцтва. «Студэнцкае самакіраванне ў ЕГУ выключанае з працэсу прыняцця важных рашэнняў, студэнты пазбаўленыя права голасу на пасяджэннях рэктарата і агульнага сходу саўладальнікаў, а таксама ў кіруючай радзе», – гаворыцца ў паведамленні, распаўсюджаным напярэдадні забастоўкі.
У ім таксама сказана пра звальненне выкладчыкаў. «Улетку кіраўніцтва ЕГУ адмовілася працягваць працоўныя кантракты ключавым выкладчыкам без якіх-небудзь падстаў. Некаторыя выкладчыкі звязваюць свае звальнення з крытычнай пазіцыяй на адрас адміністрацыі ўніверсітэта», – сцвярджаюць у Студэнцкім прадстаўніцтве.
Адміністрацыя ВНУ гэтыя заявы абвергла. Кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу ЕГУ Максімас Мілта заявіў БелаПАН, што інфармацыя аб павышэнні платы для студэнтаў «не адпавядае рэчаіснасці, кошт навучання ў ЕГУ для студэнтаў, якія паступілі ў 2018 годзе і раней, нязменная». Што да аднабаковага прыняцця фінансавых рашэнняў, дык ВНУ спасылаецца на «выключнае права» кіраўніцтва, прадугледжанае статутам ЕГУ.
Мілта таксама сцвярджае, што «ні адзін з выкладчыкаў ЕГУ не быў звольнены». «Сёння (каментар быў дадзены 30 верасня. – БелаПАН.) завяршаюцца пяцігадовыя працоўныя дагаворы з выкладчыкамі, нанятымі ў кастрычніку 2014 года. За гэты час найбольш папулярнымі праграмамі ЕГУ сталі дызайн і камунікацыя, а не права і палітычныя навукі. Адпаведна ў 2019/20 навучальным годзе ёсць выкладчыкі, якія працуюць у ЕГУ на працягу больш як 10 гадоў, а ёсць і зусім новыя», – адзначыў ён.
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў заснаваны ў Менску ў 1992 годзе, а ў 2004-м – закрыты беларускімі ўладамі з-за ідэалагічных прычын. Праз год ВНУ аднавіла працу ў Вільні. З’яўляецца літоўскай ВНУ, але мае нефармальны статус беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. Фінансуецца кааліцыяй міжнародных донараў.