У Вільні адбылося перапахаванне паўстанцаў 1863-1864 гадоў
Урачыстасці ў Вільні сталі сапраўднай дэманстрацыяй беларускага патрыятызму.
Некалькі тысяч людзей ўдзельнічалі ў апошняй дарозе паўстанцаў 1863-1864 гадоў. Прайшлі яны са сцягамі з Кафедральнай плошчы на могілкі Росы.
– Жыве Беларусь! Жыве Беларусь!
– Сімвалічная падзея ў нашым жыцці. Мінулы раз такая падзея была, напэўна, пахаванне Быкава. Такія рэчы адбываюцца ў нашым жыцці рэдка. Гэта гонар – удзельнічаць у гэтай падзеі.
Паэт Уладзімір Някляеў:
– Тут розныя прадстаўніцтвы, скажам, Рэспубліка Літва, якая вельмі годна гэта ўсё зрабіла. Дзякуй ім вялікі! Яна прадстаўлена на дзяржаўным роўні. Польшча – на дзяржаўным. Беларусь – на народным. Тут дзве траціны, калі не пяць шостых – беларусы. Як было і ў час паўстання Каліноўскага. Прыехалі, таму што пакліканыя былі нечым глыбокім, высокім, што жыве ў гэтым народзе і будзе жыць вечна. Жыве Беларусь!
– Упершыню за многа гадоў, калі нешта яднае беларусаў як пазітыўная мадэль. У нас не так шмат герояў. Зараз гэта тая нагода, якая дазваляе аб’яднацца і адчуць, што ў нас яшчэ ўсё можа быць.
На ўрачыстасці ў Вільню прыехалі беларусы з многіх мясцін Бацькаўшчыны, а таксама з-за мяжы, у тым ліку беларусы Падляшша.
* * *
У Вільні працягваюцца ўрачыстасці з нагоды перапахавання паўстанцаў Каліноўскага. Пасля імшы вуліцамі літоўскай сталіцы прайшла развітальная працэсія. Труны з парэшткамі паўстанцаў унеслі у капліцу старых могілак Росы, дзе праходзіць апошняе развітанне.
На прамой сувязі наш карэспандэнт Віктар Парфёненка:
– Грамадскасць яшчэ не дапусцілі развітацца з паўстанцамі ў капліцу. Развіталіся прадстаўнікі духавенства, прэзідэнты Літвы і Польшчы і вышэйшыя колы чынавенства. Ганаровая варта дала развітальны залп. І праз некалькі хвілін у кулумбарый будуць дапушчаны ўсе ахвотныя, каб аддаць даніну павагі загінулым.
Афіцыйная прысутнасць Беларусі, вайсковая і дзяржаўная, была незаўважная. У адрозненні ад Літвы і Польшчы, якія былі прадстаўлены на самым высокім роўні. Але на народным, нацыянальным роўні – беларусы пераважалі.
Народы Еўропы дамагліся таго, пра што марылі і за што змагаліся ўдзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў, заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда пасля імшы ў кафедральным саборы Святых Станіслава і Уладзіслава:
– Сёння мы, палякі, літоўцы, беларусы, латышы, украінцы, сустракаемся тут як свабодныя людзі, якія прадстаўляюць свабодныя народы, гаспадары сваіх уласных суверэнных дзяржаў, незалежнай Айчыны. Тое, пра што марылі нашы продкі, нашы папярэднікі, за што яны змагаліся з зброяй у руках, за што ахвяравалі жыццём, дамагліся мы, сучаснікі. у нас ёсць галоўнае для кожнага народа – уласныя суверэнныя дзяржавы. Гэтак жа, як і паўстанцы 150 гадоў таму, сёння мы хочам кіравацца ідэямі салідарнасці, дзейнічаць разам, падтрымліваць адзін аднаго, каб эфектыўна забяспечваць сабе агульны мір, бяспеку і развіццё.
* * *
На віленскіх пахавальных урачыстасцях выразна дамінавала прысутнасць беларусаў і бел-чырвона-белая сімволіка.
* * *
У Вільні беларусы, літоўцы і палякі развітваюцца з кіраўнікамі паўстання 1863-64 года Кастусём Каліноўскім, Зыгмунтам Серакоўскім і 18-цю іншымі паўстанцамі, парэшткі якіх урачыста будуць пахаваны на могілках Росы.
«Каб абараніць права, дадзеныя Богам» – так ахарактарызаваў архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заслугу паўстанцаў 1863-64 года ў выступе на святой імшы ў віленскай катэдры. Менавіта паўстанне і яе кіраўнік Кастусь Каліноўскі акрэслілі права беларускага народа на самавызначэнне.
Кажа архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч:
– Сын беларускага народа, лідар нацыянальнага вызваленчага руху, публіцыст і паэт, высакародны чалавек, які вызначаўся незвычайнай сілаю духа і з’яўляўся адным з кіраўнікоў паўстання. Таму сённяшняя падзея мае таксама вельмі вялікае значэнне для Беларусі. Канстанцін Каліноўскі належыць нашай гісторыі і да тых, хто ўвасабляў беларусаў як асобную нацыю, якая мае права на самавызначэнне.
Як сказаў іерарх рыма-каталіцкай Царквы ў Беларусі, у дзеях Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў мы бачым своеасаблівы альтруізм. А само паўстанне пакінула свой след у гісторыі. Вокліч на пляцы Гедыміна: «Жыве Беларусь!» па завяршэнні выступа Тадэвуша Кандрусевіча падтрымалі сотні беларусаў, што прыехалі на ўрачыстасць у Вільню.
Труны з парэшкамі выносяць з Катэдры. Ад Катэдры працэсія накіруецца да могілак Росы. У гэтай працэсіі будзе ўдзельнічаць вялікая група беларусаў, якая практычна дамінуе сёння ў Вільні на ўрачыстасці пахавання паўстанцаў 1863-1864 гадоў. Таксама трэба сказаць, што ў час развітання ў Катэдры прысутнічалі прэзітэнт Літвы Гінтанас Наўседа, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, а таксама прэм’ер-мінстр Польшчы Матэуш Маравецкі.
Грамадскае развітанне прайшло ў рыма-каталіцкай катэдры, на пляцы Гедыміна. Таксама, развітацца прыехалі студэнты беларускага гуманітарнага ліцэя.
Кажа выкладчык ліцэя, экс-дэпутат Вярхоўнага савету 12-га склікання Лявон Баршчэўскі:
– У нас тут вялікая дэлегацыя ад Беларускага ліцэя – настаўнікі, вучні, бацькі. Мы асобным аўтобусам прыехалі, таму што нельга не быць на пахаванні Каліноўскага і іншых паўстанцаў. Гэта гістарычная дата. Такія даты ўпісваюцца ў гістарычны каляндар. І не кожнаму пакаленню на жыццё прыпадае. Таму, канешне, усе, хто змаглі, у каго візы былі, хто быў здаровы, – мы паехалі.
Томаш Данілецкі, музей памяці Сібіры: Гэта быў той чалавек у тым часе, калі беларуская самасвядомасць толькі нараджалася, ён звяртаўся для людзей на беларускай мове, і ён даводзіў, што народы павінны быць вольнымі. Не павінны быць камусьці падпарадкаванымі.
Пасля развітаня, каля алтара катэдры прайшла імша за супакой душаў закатаваных. Узначаліў яе мітрапаліт Гінтарас Грушас сумесна з біскупамі Беларусі і Польшчы, а таксама з вайсковымі капеланамі.
Чарговае месца нацыянальнай памяці беларусаў, бадай ці не найважнейшае ў гэты час, лічаць многія ўдзельнікі ўрачыстасці ў Вільні. З Менска прыехалі людзі са сцягамі з бел-чырвона-белымі нарукаўнымі павязкамі, дабіраліся індывідуальна і ў арганізаваных групах.
– Я думаю, ён тут будзе годна пахаваны і гэта правільна. Неяк так атрымліваецца, што нашая дзяржава не адпаведным чынам ставіцца да нацыянальных герояў.
– Ну як мы маглі не прыехаць, мы грамадзяне Беларусі, тут нашыя суайчыннікі, землякі, людзі, з якіх і паўстала сама Беларусь, перадусім нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі, таму мы прыехалі.
– Усхваляваная гэтай падзеяй і ўдзячная літойскай дзяржаве, што адбываецца такая ўрачыстасць, святочная. І бачу шмат беларусаў, якія прыехалі сюды. І я вельмі ўсцешана гэтым.
– Я прыехаў з Ліды, каб ушанаваць яго памяць, каб прысутнічаць на гэтым мерапрыемстве, бо я лічу, што гэта варта памятаць, варта дзецям сваім расказваць. Калі-небудзь я свайму сыну раскажу, што я тут быў і бачыў гэта ўласнымі вачыма.
У Вільні праходзіць перапахаванне Кастуся Каліноўскага і 19-ці іншых паўстанцаў 1863-1864 гадоў. Некалькі сот людзей сабралася у Кафедральным касцёле Вільні і на плошчы перад ім. Лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі беларусаў, якія прыехалі з розных куткоў свету. Сярод іх і Валеры Буйвал з Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ.
– Гасподзь паслаў першы знак – ссунулася гара і адкрыліся парэшткі паўстанцаў. Сёння адбываецца пахаванне нашых герояў. А не перапахаванне.
– Ён тут прыняў смерць за свабоду краіны, якая ўжо тады называлася Беларусь. Раней была вядомая як Вялікае Княства Літоўскае.
Вячаслаў Сіўчык: Тое, што сёння адбываецца ў Вільні, тое, што тут зараз ужо вельмі шмат беларусаў, а будзе яшчэ больш, таму што на гэты момант яшчэ шмат нашых аўтобусаў стаіць на мяжы, якія едуць з Беларусі.
– Усё арганізавана выдатна. І касцюміраваная гістарычная частка. Прыехалі прадстаўнікі вышэйшых уладаў і святарства. Але народ пакуль прыйшоў толькі беларускі.
Зараз у Касцёле праходзіць развітанне грамадскасці з паўстанцамі.
Запрашэнне на пахаванне паўстанцаў 1863-1684
Беларусы пад нацыянальнымі сцягамі вітаюць труны герояў (Фота Глеба Лабадзенкі).
Жывую трансляцыю вядзе тэлеканал “Белсат”.
У 13.20 – пачатак развітальнай працэсіі да могілак Росы. А 14-ай плануецца спыненне жалобнай працэсіі каля Вострай брамы. 14.30 — Прыбыццё жалобнай працэсіі на могілкі Росы.
14.40 — Унясенне трунаў у капліцу старых могілак Росы, апошняе развітанне. Памятны салют у гонар паўстанцаў, а таксама ўсіх, хто змагаўся і загінуў за Свабоду.
16.00 — Капліцу на Росах, у якой пахаваюць паўстанцаў, адкрыюць для грамадскага наведання.
Якуб Сушчынскі, Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Вільня
Фота аўтараў і Ладзіка Майніча