У Вільні прайшло набажэнства за супакой паўстанцаў (абноўлена)



„Правадніком Праўды, Волі і Мужнасці” назваў Кастуся Каліноўскага апостальскі Візітатар для беларусаў грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек. Памінальная літургія за супакой душаў паўстанцаў 1863-64 гадоў і асобна Кастуся Каліноўскага прайшла ў святыні Вільні, грэка-каталіцкай царкве Святой Тройцы, дзе пачынаў сваю рэлігійную дзейнасць Язафат Кунцэвіч, а насупраць, у базыльянскіх мурах, дзейнічала Віленская беларуская гімназія. 

На службе былі святары і вернікі з розных гарадоў Беларусі, вядомыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі з розных краін свету.

Кажа айцец Яўген Усошын:

– Мы ўзгадвалі ўсіх паўстанцаў, якія былі пахаваныя ўчора – Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў. Адбываецца гэткае выпраўленне крыўдаў, якія былі зробленыя людзям, якія маюць права на годнае пахаванне і належнае ўшанаванне. Тым больш, што гэтыя людзі не толькі для беларускага народу, але і для іншых народаў маюць вялікае значэнне. Гэта тым больш надае большую вагу гэтаму ўсяму.

Кажа Мірон Крывіч:

Кастусь Каліноўскі і іншыя паўстанцы сказалі – мы павінны навучыцца любіць. І гэта было іх галоўным паролем – любіць Беларусь! Гэта значыць, любіць і Бога, бо Бог даў нам гэтую зямлю, Бог даў нам нашу мову і мы павіны гэта любіць. І тое, што адбылося зараз у Вільні, гэта вялікая падзея ў жыцці беларускага народу.

Беларускае Радыё Рацыя, фота Якуба Сушчынскага і Ладзіка Майніча