У Вільні ўручылі медалі Рады БНР
У Вільні ўручылі медалі Рады БНР у гонар 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі грамадскім і палітычным дзеячам з Беларусі, якія прыехалі на перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў. Уганараванне адбылося на сустрэчы з беларускай грамадскасцю ў Доме нацыянальных абшчынаў.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла сказала, што мае вялікую прыемнасць спаткацца з людзьмі з Беларусі, чые заслугі ў справе барацьбы за дэмакратыю ацэненыя ўзнагародай, якую ёй ужо даводзілася ўручаць дзеячам дыяспары.
Медалі БНР-100 атрымалі: старшыня ўправы Беларускага Радыё Рацыя і галоўны рэдактар тыднёвіка «Ніва» Яўген Вапа, святар а. Андрусь Абламейка, мастак Аляксей Марачкін, рэжысёр Валер Мазынскі, заснавальнікі «Майстроўні» Вінцук Вячорка і Сяргей Дубавец, мастак Алесь Пушкін, скульптар Генік Лойка, палітыкі Юрась Беленькі, Анатоль Лябедзька, Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Аляксей Янукевіч, палітвязень Вячаслаў Сіўчык, старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў, паэт Уладзімір Някляеў, гісторык Аляксандар Краўцэвіч, грамадскі актывіст Андрэй Стрыжак, мецэнат Павал Бераговіч (Падкарытаў), кіраўнік БНП Анатоль Міхнавец, арганізатары святкавання БНР-100 Франак Вячорка і Павал Белавус.
Беларускае Радыё Рацыя, Вільня
Фота facebook.com/radabnr/