У Вільні знойдзены парэшткі Зыгмунта Серакоўскага
У Вільні археолагі знайшлі парэшткі аднаго з кіраўнікоў вызвольнага паўстання 1863 году Зыгмунта Серакоўскага. Пра гэта паведамляе сайт Міністэрства культуры Літвы.
Археолагі завяршылі другі этап археалагічных даследзінаў на гары Гедыміна. Яны даследавалі ўчастак памерам 36 кв. м і знайшлі чатыры магілы, у якіх пахаваны 7 чалавек. У бальшыні з іх рукі звязаныя за спінай, целы палітыя вапнай, што сведчыць пра гвалтоўную смерць пахаваных, а дакладней закапаных людзей.
Адзін чалавек пахаваны асобна. На яго правай руцэ археолагі знайшлі залаты пярсцёнак. На ім напісана: «Zygmunt Apolonija 11 Sierpnia / 30 Lipca 1862 r.». Ведама, што Зыгмунт Серакоўскі, адзін з кіраўнікоў паўстання, быў жанаты на Апалоніі Далеўскай. Адсюль выснова пра яго парэшткі. Фактычна няма сумневу, што побач з Серакоўскім пахаваны іншыя лідары паўстання 1863 году.
Увесь знойдзены матэрыял пераданы для далейшага вывучэння на кафедру антрапалогіі медыцынскага факультэту Віленскага ўніверсітэту.
Зыгмунт Серакоўскі нарадзіўся у в. Лісавое (Валынская вобласць, Украіна) 30 траўня 1826 году. У 1848 годзе за ўдзел у студэнцкіх гуртках быў высланы шэрагоўцам у Арэнбург, у 1856 вярнуўся па амністыі ў Пецярбург, да пачатку паўстання працаваў у генеральным штабе. У снежні 1862 г. прызначаны вайсковым начальнікам паўстання ў Літве. Вясной 1863 на Ковеншчыне арганізаваў вялікі паўстанцкі атрад (каля 2 тыс. чалавек). 7-9 траўня ў баі атрад быў разбіты, Серакоўскі (паўстанцкі псеўданім Даленга) паранены, ўзяты ў палон, Павешаны 15 (27) чэрвеня ў Вільні на Лукішскім пляцы.
Беларускае Радыё Рацыя