У Вільні з’явіцца вуліца Барыса Нямцова
Літоўская апазіцыйная партыя «Саюз Айчыны» прапанавала назваць адну з вуліц або сквер у сталіцы Вільні ў гонар забітага расейскага апазіцыянера Барыса Нямцова, як паведамляе газета “Літоўскі кур’ер”.
Адзначаецца, што сваю пазіцыю ў партыі патлумачылі тым, што расейскі палітык быў «сапраўдным сябрам Літвы», які «дарыў веру ў тое, што Расея можа абраць шлях дэмакратыі».
«Ён сапраўдны сябар Літвы, які ўнёс уклад ва ўмацаванне незалежнасці Літвы, сапраўдны дэмакрат, які падаваў шмат надзей і дарыў веру ў тое, што Расея можа абраць шлях дэмакратыі. Цынічнае забойства на самой справе адкрыла вочы свету на тое, што Расея да гэтага не гатова,” – адзначана ў паведамленні.
Гарадская рада Вільні 24 лютага аднагалосна падтрымала гэту прапанову і прыняла рашэнне пра ўвекавечанне памяці расейскага палітыка Барыса Нямцова.
Барыс Нямцоў быў забіты ўвечары 27 лютага на Вялікім Маскварэцкім мосце ў непасрэднай блізкасці ад Крамля.
Фота АР